Народные новости Витебска

Віцебская міліцыя здымае фільм пра Барыса Хамайду

Сёння вядомы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, зноў выйшаў у пікет, каб агітаваць за байкот прэзідэнцкіх выбараў. Праз гадзіну ён быў затрыманы міліцэйскім спецназам, аднак пратакол аб якім-небудзь парушэнні не складаўся.

Калі апазіцыянера дапытвалі ў Чыгуначным РАУС, з’явіўся міліцэйскі аператар, які стаў фіксаваць допыт на відэастужку. Спадар Хамайда мяркуе, што надалей гэты запіс можа выкарыстаць БТ, а магчыма міліцыянты здымуць пра яго цэлы фільм.

На гэты раз на плакаце быў надпіс “Без легітымнай Канстытуцыі няма сапраўдных выбараў з легітымным вынікам”. Патруль спачатку папрасіў апазіцыянера проста згарнуць плакат, але той адмовіўся. Тады Хамайду затрымалі, быццам бы за непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў. Аднак позвы ў суд Барыс Ханонавіч, які папярэдзіў міліцыянтаў, што калі яго выпусцяць, ён зноў стане з плакатам на тым жа месцы, не атрымаў і застаўся на свабодзе.