Народные новости Витебска

У Оршы маліліся аб супакаенні душы Уладзіміра Караткевіча

Сёння споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння прыўкраснай легенды беларускай літаратуры – паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста Уладзіміра Караткевіча. Імпрэзы, прысвечаныя памяці пісьменніка, праходзяць па ўсёй краіне. Аднак галоўныя мерапрыемствы адбываюцца ўсё ж такі на яго малой радзіме – у Оршы.

У царкве Святога Леаніда раніцай прайшла паніхіда аб супакаенні душы аўтара «Чазеніі», «Каласоў пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зямлі пад белымі крыламі» і іншых цудоўных кніг.

Затым у дзіцячым парку каля помніка Уладзіміру Караткевічу прайшлі літаратурныя чытанні, якія сабралі прыхільнікаў яго творчасці, беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.

У Оршу збіраўся прыехаць міністр культуры Павел Латушка – каб прыняць удзел у цырымоніі спецыяльнага гашэння паштовага канверта з арыгінальнай маркай да юбілея пісьменніка і на прэзентацыю кнігі “Дзікае паляванне караля Стаха” на чатырох мовах – беларускай, рускай, украінскай і англійскай.

У гарадскім музеі імя пісьменніка пройдзе двухдзённая міжнародная канферэнцыя "Уладзімір Караткевіч – глабальны погляд", у якой прымуць удзел больш за 40 даследчыкаў жыцця і творчасці пісьменніка, сярод іх Адам Мальдзіс і Анатоль Верабей. Предуць госці з Польшчы і Украіны.

Святкаванне юбілею пісьменніка ў Оршы працягнецца да 28 лістапада: на радзіме Уладзіміра Сямёнавіча пройдуць канцэрты, цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэзентацыя перавыдання кнігі казак “Лебядзiны скiт” з ілюстрацыямі аршанскага мастака Міколы Купавы.

Цікава, што помнік славутаму беларускаму пісьменніку ў хуткім часе з’явіцца і ў Кіеве, дзе прайшлі студэнцкія гады Караткевіча. Як паведаміў учора Павел Латушка падчас прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі чатырохмоўнага “Дзікага палявання караля Стаха”, бронзавая скульптура Уладзіміра Караткевіча, якую ўсталююць ва ўкраінскай сталіцы, ужо адліта. «Засталіся толькі тэхнічныя моманты з мэрыяй Кіева, каб упарадкаваць месца, дзе гэта адбудзецца”, – адзначыў міністр культуры.