Народные новости Витебска

Змагаліся да апошняга

Сустрэча з дружынай, якая ў гульні на клас пераўзыходзіць “Віцебск”, не магла нічога абяцаць, акрамя ўпартай барацьбы. З лікам 2:3 госці з Салігорска абыгралі нашых хлопцаў.

“Шахцёр” з першых секунд завалодвае лідэрствам і цісне на браму гаспадароў. Бліжэй да сярэдзіны першай трэці атакі гасцей вымушаюць нашых землякоў парушаць правілы. З невялікім інтэрвалам зарабляем запар шэсць хвілін штрафу. Першыя чатыры хвіліны трымаемся, улічваючы, што пасля другога ўдалення секунд 30 гуляем утрох. На 13-й хвіліне гарнякі ўсё ж такі дабіваюцца свайго. Уладзімір Світа моцным ударам паражае нашы вароты. Гасцей не спыніць, і гуляюць яны толькі на перамогу.

Праз дзве хвіліны Аляксандр Паўловіч і Аляксей Яфіменка выходзяць два ў адзін. Яфіменка пераігрывае нашага брамніка, адпраўляючы шайбу пад перакладзіну.
Аднак, нягледзячы на напор салігорцаў, віцяблянам удаецца скараціць лік. Пры гульні ў большасці Павел Волчык на бліжняй штанзе атрымлівае перадачу ад Дзяніса Лабачова, выдатна яе апрацоўвае і абыгрывае варатара.

У другой трэці ў зоне віцяблян было напружана ў першыя хвілін сем. Часам “мядзведзі” не маглі змяніцца. Але выстаялі і пачалі прэсінгаваць суперніка. Толькі безвынікова. Антон Елісеенка ўпусціў магчымасць зраўняць лік, калі ў яго была магчымасць адправіць шайбу ў пусты кут. Пасля моцнага кідка ад борціка Васіля Паланіцкага шайба застрае паміж шчыткоў брамніка.

Чарговая колькасная перавага гасцей на 12-й хвіліне завяршаецца поспехам 1:3. Прыкладна хвілін за пяць да канца другога перапынку Антон Палушын, атрымаўшы перадачу з-за варот суперніка, ва ўпор расстрэльвае іх – аднак Валерый Пронін аказваецца на вышыні.

Апошнія 20 хвілін пачынаем у большасці, ёсць 30 секунд на рэалізацыю лішняга. Андрэй Арлюк выдатна “кладзе” на лёд брамніка, кідае, але шайба праходзіць у лічаных сантыметрах ад штангі. ”Віцебск” бярэ гульню “пад сябе”. Пры развіцці чарговай атакі падапечныя Сяргея Петухова заслугоўваюць права гуляць упяцярох супраць трох. Адгуляўшы больш за хвіліну, Андрэй Пракопчык атрымлівае шайбу ўздоўж сіняй лініі ад Васіля Паланіцкага і моцным кідком адпраўляе яе ў вароты.

Пры колькасці 5 на 4 застаецца гуляць секунд 40 – яшчэ ёсць магчымасць зраўняць лік. Не атрымліваецца. Паступова гульня выраўніваецца, і ад вернага гола пасля небяспечнага кідка Аляксандра Паўловіча віцебскую дружыну выратоўвае Арунас Алейнікавас. Гульня падыходзіць да заканчэння. За хвіліну трыццаць секунд да сірэны госці зноў застаюцца ўчатырох. Трэнерскі штаб гаспадароў бярэ тайм-аўт.

На пляцоўку выходзяць 6 палявых гульцоў “Віцебска”. На ўкідванні – Андрэй Арлюк. Праігрывае яго, але шайба застаецца ў зоне суперніка. Забіраем яе, пасля – дакладная перадача на пятачок, дзе дзяжурыць Аляксандр Абакунчык. Кідок, і ў гульню ўступае Валерый Пронін. Чарговы “штурм” ледзь не скончыўся для “мядзведзей” трагедыяй. Нехта з гульцоў “Шахцёра” выкідвае шайбу са сваёй зоны, і яна ляціць у пустыя вароты “Віцебска”, аднак Андрэй Пракопчык даганяе і спыняе яе ў варатарскай зоне.