Віталь Рымашэўскі: “Цікаюць апошнія хвіліны гэтай улады”
8 снежня ў віцяблян была магчымасць убачыць і паслухаць кандыдата ў прэзідэнты ад ствараемай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага. Сустрэча з ім адбылася вечарам у актавым зале Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна.
“На Рымашэўскага” прыйшло крыху болей ста чалавек, у асноўным людзі сталыя. Здавалася, зараз аксакалы выклююць гэтаму маладзёну ўсю пячонку за ягоныя 23 “паветы”, прыватную ўласнасць на зямлю і іншыя незразумелыя для іх тэзісы перадвыбарчай праграмы. Аднак бабулі і дзядулі, салідныя мужчыны і бальзакаўскія жанчыны здзівілі адразу ж, як толькі 35-гадовы ўдзельнік прэзідэнцкай кампаніі ўвайшоў у памяшканне, – яны віталі яго… апладысментамі. Неаднойчы раздаваліся яны і пасля.
У рэальнасці Рымашэўскі аказаўся яшчэ больш бландзіністым, але крыху ніжэйшым, чым здаваўся ў “тэлескрыні”. Такое ўражанне было, напэўна, не ў мяне адной, і самае першае пытанне да яго зусім не тычылася высокай палітыкі. “А які ў вас рост?” – наўпрост запыталася нейкая жанчына яшчэ да пачатку сустрэчы. “Метр семдзясят пяць”, – усміхаючыся, адказаў Рымашэўскі.
Віцебскія ўлады адвялі яму яшчэ не самы горшы зал у горадзе, і малады палітык у строгім чорным гарнітуры досыць выйгрышна глядзеўся на фоне бардовых сцэнічных куліс. За трыбуну ён не пайшоў – напэўна, вырашыў, што гэта перажытак мінулага, які адрывае выступоўцу ад народа. Таму аратар прамаўляў, стоячы каля краю сцэны. Увогуле, Рымашэўскаму нейкім дзіўным чынам удалося надаць гэтаму наскрозь савецкаму залу еўрапейскі шык. Антураж, праўда, трохі псавала скрынка з надпісам “Запіс у БХД”, якая сіратліва стаяла збоку сцэны.
Трымаў залу Рымашэўскі проста бліскуча – сказваецца цудоўная школа Паўла Севярынца. Дарэчы, ён таксама прысутнічаў на мерапрыемстве – у якасці кіраўніка перадвыбарчага штаба кандыдата, але ў працэс не ўмешваўся. Легендарны моладзевы лідар выглядаў самотным і крыху стомленым. Як загадкавы цень Кастуся Каліноўскага, ён стаяў збоку, каля вакон, і ўважліва ўглядаўся ў твары, нібыта ўзважваў: ці здольныя гэтыя людцы выйсці "шчыльнымі радамі"?
У адрозненні ад сваіх калег па прэзідэнцкай “гонцы”, якія прыязджалі ў Віцебск раней, у прэзідыўм Рымашэўскі пасадзіў не мужчын з вялікімі жыватамі, а абаяльных жанчын – сваіх давераных асоб Таццяну Севярынец і Алёну Шабуню. Апошняя прыгожа памахала ў паветры веерам папер, у якіх Рымашэўскі атрымаў ад тутэйшых уладаў адмовы на сустрэчы з выбарцамі. А спадарыня Таццяна выклікала апладысменты слухачоў, калі дала параду будучым назіральнікам на выбарах браць з сабой стул і камандзірскі бінокль і з іх дапамогай глядзець, як члены камісій лічуць галасы.
“Трэба цікавіцца палітыкай, бо яна пачне цікавіцца вамі”, – з такой тэзы распачаў гаворку госць. Затым ён сцісла распавёў пра тое, што такое партыя БХД, і чаму ён сабраўся ісці ў прэзідэнты. Засяродзіў увагу людзей на вастрыні палітычнага моманту: “Прынцып “я схаваюся ў бульбу” павінен адыходзіць. Тым больш што зараз зіма, бульбашнік увесь пасох, і хавацца ўжо няма куды”. Паказаў жывучасць партыі, якую хацелі сурочыць: “Магі, астролагі, акультысты, супраць якіх БХД правяла сваю кампанію, сказалі, што навядуць на нас порчу. Аднак, як бачыце, мы жывыя і здаровыя!”
Прозвішча дзеючага кіраўніка дзяржавы не ўзгадвалася. Рымашэўскі называў яго абаротамі “ён”, “адзін чалавек”, “той, хто украў у нас права выбару”, “той, хто называе сябе прэзідэнтам”. Паводле Рымашэўскага, “аднаго чалавека” нельга абвінаваціць вось у чым: “Ён хіба што ў крэматорый пакуль што не запрашае людзей”.
“Тэрмін гэтай улады сыходзіць – апошнія хвіліны яе цікаюць. Мне, канешне, прыемна, калі мне жадаюць перамогі на выбарах. Аднак зараз трэба забыцца на словы “Жадаю вам перамогі”. Трэба казаць: “Жадаю НАМ перамогі”. Тут зараз сядзіць больш людзей, чым у любой дэмакратычнай арганізацыі разам. Дык станьце ж дзеючымі асобамі, героямі гэтага працэса. А ўсё, што я вам абяцаю, – быць разам з вамі. Нам не трэба рэвалюцый, не трэба браць у рукі зброю. Нам дастаткова перастаць яго карміць!” – заявіў Рымашэўскі, маючы на ўвазе агульнацыянальную забастоўку пасля выбараў 19 снежня.
Затым выступоўца адказаў на пытанні. Яны былі непадобнымі, як кветкі на лузе. Кагосьці цікавілі глабальныя рэчы накшталт эканомікі, а кагосьці – больш зямныя рэчы. Напрыклад, такая ўся хатняя з выгляду бабулечка ў акулярах спытала, ці мяняў Рымашэўскі гальштукі падчас двух выступаў на ТБ. “Здаецца, так. На другім выступе, па-мойму, быў вось гэты, што і зараз на мне. Жонка параіла, я паслухаў. Чырвонага гальштука ў мяне не было адмыслова, бо іншыя кандыдаты яго апраналі – гэта зараз модна. Але я не люблю моду, яна прыніжае чалавека”, – задаволіў Рымашэўскі бабульчыну цікавасць.
Прывядзём некаторыя яркія, на погляд рэдакцыі, моманты гутаркі Рымашэўскага з віцебскімі выбарцамі. (Кандыдат адказваў на той мове, на якой да яго звярталіся).
– Калі пасля 19 снежня ў адносінах да вас будуць палітычныя рэпрэсіі, ці з’едзеце вы ў якую-небудзь краіну Еўразвяза?
– Я застануся тут. Хоць прапановы такія ёсць ужо зараз, – сказаў палітык. Зал грымнуў апладысментамі.
– Вы жабрак?
– Не, я не жабрак. У мяне ёсць грошы. Хоць ні я, ні мая сям’я багаццем не адрозніваюцца.
– Вы служили в армии? – спытаў малады мужчына, па паводзінах якога было няцяжка здагадацца, што яго сюды "прыслалі".
– Нет, не служил.
– Это позор! – з ненатуральным трагізмам у голасе пракрычаў мужчына.
– Вы скажите тем, кто этот вопрос вам написал, что я просто не хочу красить траву или строить генеральские дачи, – пад апладысменты зала адбрыў скандаліста Рымашэўскі. І ў ягоным голасе загучаў такі метал, што стала ясна: гэты мужчына, ледзь што, не збаіцца.
Але адказнасць за “Плошчу” на сябе ён, аднак, не ўзяў. Гэта стала ясна пасля слоў: “Бярыце адказнасць на сябе. Вы - лідары”.
– Если вы станете президентом, уберите, пожалуйста, эту богомерзкую идеологию из школ, – прапанаваў нехта.
– Абавязкова, – згадзіўся кандыдат.
– Как русского, меня очень волнует вопрос: если вы станете президентом, не будет ли насильственного перехода на белорусский язык? – пацікавіўся інтэлігентны малады мужчына, які адзіны з усіх звярнуўся да кандыдата па імя і імя па бацьку.
– Белорусский язык заслуживает того, чтобы его учили добровольно, – адказаў Рымашэўскі.
– Вот вы все зовете людей на “плошчу”. А вы даете гарантию, что там не будет смуты, драк? Разбитых витрин и наркотиков? Ведь не пойдет же Лукашенко туда с дубиной, пьяный?! – спрабавала ўсчыніць вэрхал напрыканцы сустрэчы дародная жанчына.
Аднак Рымашэўскі ўмела, праўда, не зусім тактоўна ўрэзоніў і гэту скандалістку. Скончылася ўсё на дэмакратычнай ноце: кандыдат ад БХД дазволіў на сваёй сустрэчы правесці рэкламу будучых мерапрыемстваў з удзелам сваіх супернікаў – Някляева, Саннікава, Уса і Статкевіча.
Як паведаміў “ННВ” Павел Севярынец, за дзень знаходжання ў Віцебску Рымашэўскі паспеў зрабіць процьму спраў. Віталь і ягоная каманда наведалі шмат месцаў, аднак шэраг сустрэч правесці не ўдалося. Так, кандыдату ў прэзідэнты ад “БХД” не далі сустрэцца з супрацоўнікамі тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, адміністрацыі Першамайскага раёна, УУС, ДАІ і “Белтэлекама”. Паразмаўляць з выбарцамі атрымалася толькі на кірмашах “Беларусь”, “Эвіком” і на вячэрняй сустрэчы ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Адгалосак сустрэчы быў і на прыпынку, і ў трамваі, на якім карэспандэнты "ННВ" ехалі дадому. Купка жанчын уголас, як на кірмашы, абмяркоўвала свае ўражанні. Адна з іх выдала: “Это ж надо! Уже 16 лет х… груши околачивает!”
Калі “адзін чалавек” дапёк ужо і хатніх гаспадынь, то… Чытайце загаловак.