У Віцебску зноў вывесілі бел-чырвона-белы сцяг
На перакрыжаванні вуліц Зеленагурскай і Максіма Горкага ў Віцебску каля трубы цеплатрасы над чыгункай, на вышыні каля 20 метраў, вечарам 11 снежня з’явіўся вялікі бел-чырвона-белы сцяг.
Як заўжды, да штандара было прымацавана паведамленне ад легендарнага Мірона: “Хачу нагадаць урадам цывілізаваных краін, што ў лістападзе 1996 года ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. Існуючы рэжым згубіў легітымнасць і зрабіўся незаконным. За апошнія 14 гадоў нічога не змянілася. Без легітымнай Канстытуцыі няма сапраўдных выбараў з легітымнымі вынікамі. Таму юрыдычнае прызнанне маючага адбыцца выбарчага фарсу ўзарве фундаментальныя асновы міжнароднага права і нанясе ўдар у спіну маладому пакаленню беларусаў. Упэўнены, што Беларускі вызвольны рух ніколі не прызнае гэтага здзеку над Законам, сучасным “Мюнхенам-2”. Мы абавязкова вернем нашу краіну ў канстытуцыйнае поле. І вось тады з’явіцца магчымасць правесці сапраўдныя дэмакратычныя і свабодныя выбары. Жыве Беларусь! Жыве вечна. Мірон”.