Прыхільніка гарадскога самакіравання Алеся Міхалевіча прагналі з віцебскай ратушы

Віцебск 17 снежня наведаў кандыдат у прэзідэнты, лідар аб’яднання “За мадэрнізацыю” Алесь Міхалевіч. Аднак горад над Дзвіной не раскрыў яму гасцінныя абдымкі – з будынка абласнога краязнаўчага музея, дзе госць захацеў правесці невялікую сустрэчу з мясцовымі актывістамі, яго культурна “папрасілі”.
Прыхільніка гарадскога самакіравання Алеся Міхалевіча прагналі з віцебскай ратушы. Фота Сержука Серабро

Міхалевіч патлумачыў журналістам, што не мае намеру праводзіць у Віцебску агітацыйнае мерапрыемства ў зале, разлічаным на вялікую колькасць выбаршчыкаў. На яго думку, «гэта неэфектыўна». Так, па яго словах, напярэдадні ў Полацку на сустрэчу з ім прыйшло ўсяго каля 40 чалавек. Таму прадстаўнікам СМІ і прыкладна 15 актывістам кандыдат у прэзідэнты прапанаваў зайсці ў ратушу, каб пагутарыць у адным з музейных памяшканняў.

Прыхільніка гарадскога самакіравання Алеся Міхалевіча прагналі з віцебскай ратушы. Фота Сержука Серабро

Ён набыў у касе музея квіткі, і ўсе прайшлі ў экспазіцыйны зал «Старажытны Віцебск». Палітык коратка прэзентаваў сваю перадвыбарчую праграму і адзначыў, што ўсе тры яе падзелы абапіраюцца на мясцовае самакіраванне: «Эканамічны рост немагчымы без мясцовага самакіравання. Эфектыўная дзяржава – гэта якраз і ёсць мясцовае самакіраванне. Актыўнае грамадства – гэта зноў-такі мясцовае самакіраванне». Міхалевіч адзначыў, што для яго «вельмі важна, што гэтая сустрэча праходзіць у віцебскай ратушы, якая з’яўляецца «сімвалам магдэбургскага права, сімвалам мясцовага самакіравання», і прызнаўся, што ён упершыню наведаў гэты музей. Палітык выказаў упэўненасць у тым, што «самакіраванне ў Беларусь прыйдзе нашмат хутчэй, чым нам з вамі гэта падаецца».

Прыхільніка гарадскога самакіравання Алеся Міхалевіча прагналі з віцебскай ратушы. Фота Сержука Серабро

Не прайшло і дзесяці хвілін ад пачатку сустрэчы, як у экспазіцыйны зал зайшоў дырэктар абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі і пацікавіўся: «Паважаныя, а што тут адбываецца?» У адказ на тлумачэнне кандыдата ў прэзідэнты, што гэта «экскурсія, на якую ёсць квіткі», прадстаўнік адміністрацыі музея паведаміў, што відэа- і фотаздымкі ў зале забароненыя і папрасіў усіх пакінуць музей, паабяцаўшы: «Я вярну вам вашыя грошы, якія вы заплацілі за квіткі». Тады Міхалевіч прапанаваў сваім слухачам працягнуць сустрэчу каля ганка ратушы. На развітанне адна з прыхільніц кандыдата параіла дырэктару музея: “Ды не будзьце вы лукашыстам”. На што той адказаў: “Я не лукашыст, я нармальны службовец, які служыць сваёй дзяржаве. А падобныя сустрэчы павінны загадзя ўзгадняцца”.

Але і з музейнага ганка кандыдата ў прэзідэнты неўзабаве прагналі – хвілін праз пяць да Міхалевіча падыйшоў начальнік аддзела ідэалагічнай працы адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Іван Мацвееў.

Чыноўнік і палітык паказалі адзін аднаму свае пасведчанні. «Маё мацнейшае за ваша – яно большае», – пажартаваў кандыдат у прэзідэнты, хаваючы ў кішэню сваё пасведчанне. “Тады вы, мусіць, не горш за мяне ведаеце, што праводзіць падобныя сустрэчы трэба толькі ў адведзеных для гэтага месцах”, - не разгубіўся ідэолаг. А затым заявіў: “Калі вы на працягу пяці хвілін не разыйдзецца, я буду вымушаны скласці на вас пратакол”. Міхалевіч, юрыст па адукацыі, паспрабаваў высветліць, “згодна з якім законам супрацоўнік выканкама мае права складаць пратакол”. “Маю права, на жаль, калі вы не ведаеце. Пяць хвілін – і, я прашу, каб усе разышліся”, – настойваў Мацвееў. І адыйшоў убок - назіраць, як будзе выконвацца ягоны загад.

Палітык палічыў за лепшае пакінуць месца інцыдэнту. Затым ён наведаў некалькі выбарчых участкаў, а таксама віцебскія абл- і гарвыканкамы. Па словах даверанай асобы кандыдата Тамары Карызны, у будынак абласной адміністрацыі яму прайсці не ўдалося, а вось у мэрыю Міхалевіч трапіў. Супрацоўнікі гарвыканкама атрымалі ад кандыдата ў прэзідэнты ўлёткі, а некаторыя з іх нават задавалі яму пытанні.

Сёння Міхалевіч быў таксама ў Гарадку. “Гэты раённы цэнтр ставіць рэкорды па галасаванні. Мяне ўразіла тое, як шмат людзей ідзе галасаваць, і вельмі многіх з іх, натуральна, на выбары заганяюць. Віцебшчына наогул лідзіруе па колькасці датэрмінова прагаласаваўшых. Я бачу, што рыхтуюцца фальсіфікацыі. І калі яны будуць, то маёй грамадзянскай пазіцыяй будзе выйсці на плошчу», – заявіў Алесь Міхалевіч.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ