Народные новости Витебска

У Віцебску падалі заяўку на мітынг салідарнасці са зняволенымі

Група віцебскіх актывістаў падала ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна Віцебска заяўку па дазвол на правядзенне мітынга ў знак салідарнасці з арыштаванымі за ўдзел у мірнай акцыі 19 сьнежня 2010 на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Заяўляльнікі просяць дазволіць правесці мітынг 13 лютага ў парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў у раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі. Яны абяцаюць забяспечыць пад час правядзення мерапрыемства падтрыманне грамадскага парадку і чысціні ўласнымі сіламі.

Арганізатарам мітынга выступіў Хрыстафор Жэляпаў — давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксея Міхалевіча і каардынатар па Віцебскай вобласці Руха “За Свабоду”. Свае подпісы пад заявай паставілі яшчэ восем віцяблянаў: Аляксей Гаўруцікаў (давераная асоба Мікалая Статкевіча), Канстанцін Смолікаў (Старшыня Рады Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ), Анатоль Гнеўка (ліквідатар аварыі на ЧАЭС), Ян Дзяржаўцаў (сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ), Уладзімір Алексенка (давераная асоба Уладзіміра Някляева), Таццяна Севярынец (кіраўнік штаба па Віцебскай вобласці Віталя Рымашэўскага), Уладзіслаў Варанецкі (давераная асоба Андрэя Саннікава), Алена Фаміна (давераная асоба Дзмітрыя Вуса).