Касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску стаў катэдральным
Рашэннем Папы Рымскага Бенедыкта XVI новы касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску атрымаў тытул катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі.
Будаўніцтва касцёла ў мікрараёне Поўдзень-7 пачалося ў 2000 годзе. Будынак, што з’яўляецца ўзорам сучаснай сакральнай архітэктуры, мае форму крыжа вышынёй 32, даўжынёй 28 і шырынёй 18 метраў. Кансэкрацыя (асвячэнне) касцёла адбылася 10 кастрычніка 2009 года ў межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі.
Урачыстасць абвяшчэння новага катэдральнага касцёла адбудзецца 18 чэрвеня. Да гэтага ў Віцебску званне катэдральнага меў касцёл святой Барбары.