Фотафакт: У Віцебску абвешчаны год бел-чырвона-белага сцяга
Віцябляне могуць бачыць, што Барыс Хамайда стаіць на сваім звычайным месцы каля Сіняга дома пад высока ўзнятым бел-чырвона-белым сцягам. Цяпер віцебскі апазіцыянер мае два рашэнні суда, які пацвярджаюць яго права рабіць гэта.
Як патлумачыў спадар Хамайда “Народным навінам Віцебска” у 2011 годзе будзе адзначацца 20-годдзе незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Таму ён вырашыў абвясціць гэты год — Годам бел-чырвона-белага сцяга. Два разы Барыса Ханонавіча затрымлівала міліцыя, але суды станавілся на бок апазіцыянера.
Так, у апошнім выраку сказана, што “прыцягненне да сябе ўвагі пры дапамозе бел-чырвонага сцяга не ўтварае склада правапарушэння прадугледжанага арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання)”, а таму справа супраць Барыса Хамайды спынена.