Паўночнае дэрбі

Пятае і апошняе абласное дэрбі ў гэтым сезоне правялі ўчора віцебскі і наваполацкі клубы.”Віцебск” у сваім Лядовым палацы прымаў навапалачан. Матч, як і мінулыя чатыры сустрэчы, завяршыўся перамогай “Хіміка”.

Гульня абяцала быць цікавай. Гасцям былі патрэбны ачкі, каб захаваць мізэрны шанец трапіць у васьмёрку мацнейшых. У “мядзведзей” стымул – самалюбства і магчымасць з 11-га месца ўзняцца на 10-е.

Але такое ўяўленне пра гульню часткова здзейснілася толькі ў стартавым перыядзе. Першыя дваццаць хвілін былі багатыя на вострыя моманты і грубыя недакладнасці віцяблян пры перадачах, што псавала гульню і настрой.

Нулі на табло на 6-й хвіліне парушылі “мядзведзі”. Андрэй Арлюк з вугла пляцоўкі суперніка зрабіў дакладную перадачу на пятачок, і Аляксандр Абакунчык імгненна адправіў шайбу ў вароты. Секунд праз 30 Ігар Варашылаў наносіць моцны кідок па варотах гасцей. Брамнік Віталь Трус адбівае шайбу ў правы бок акурат на Паўла Волчака, але ў яго не атрымліваецца сваечасова падставіць клюшку, каб пераправіць шайбу ў пусты вугал.

Дзесьці праз хвіліну “мядзведзі” спрабуюць рэалізаваць лішняга – мацнейшы кідок ад сіняй лініі Данііла Арлова, шайба пралятае ў прыцірку са штангай. Парытэт госці ўсталявалі, калі таймер адлічваў ужо 13-ю хвіліну перыяда. Андрэй Петухоў адбівае шайбу пасля кідка ад сіняй лініі Рамана Гарбаконя, але Кірылу Петкевічу, які знаходзіўся побач з брамай, удаецца перайграць і абарону “Віцебска”, і брамніка.

За пяць хвілін да сірэны на перапынак “мядзведзі” маюць гульнявое пераўзыходжанне. Аднак у гэтым выпадку навапалачан выратавала штанга пасля кідка Паўла Толсціка. Затое нішто не перашкодзіла Аляксею Пільнову напрыканцы перыяда накіраваць шайбу ў “дзявятку” гаспадароў і выйсці наперад.

Другі адрэзак гульнявога часу праходзіў вельмі сумна, без накалу. “Хімік” павялічыў сваю перавагу ў пачатку перыяда, “мядзведзі” скарацілі разрыў напрыканцы. Апошнія дваццаць хвілін мала чым адрозніваліся ад другой трэці. Ажыўленне на пляцоўцы і на трыбунах адчулася толькі за некалькі хвілін да фінальнай сірэны. Мядзведзі паспрабавалі ўзяць штурмам браму гасцей, але гэта было безвынікова (2:3).

Меткі:

Чытайце яшчэ