На сайце гарвыканкама ідзе абмеркаванне тэкстаў гімна Віцебска
На сайце Віцебскага гарвыканкама размешчаны шэсць варыянтаў гімна Віцебска. Тут жа, на галоўнай старонцы, можна аддаць свой голас за ўпадабаны варыянт. Пакуль што найбольшая колькасць галасоў аддадзена за варыянт №5 “Гімн Віцебска”.
Нагадаем, што гэтыя шэсць варыянтаў галоўнай песні пра Віцебск былі адабраны ў выніку некалькіх папярэдніх тураў конкурсу на стварэнне гімна горада, што быў абвешчаны ўвосень 2010 года. Аднак ні адна і з гэтых творчых прац не змагла цалкам заваяваць сімпатыі членаў журы, таму арганізатар конкурсу – Віцебскі гарвыканкам, звярнуўся да жыхароў горада з прапановай прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні. У хуткім часе арганізатары абяцаюць зрабіць запісы гімнаў, якія будуць гучаць з экранаў на цэнтральных плошчах горада.
Пры гэтым арганізатары звяртаюць увагу, што конкурс не завершаны, і ў кожнага таленавітага чалавека ёсць магчымасць даслаць сваю працу. Па ўмовах конкурсу ўдзельнікам неабходна стварыць запамінальны, патрыятычны, урачысты твор, які адлюстроўвае індывідуальнасць і гісторыка-культурную каштоўнасць Віцебска. На разгляд журы трэба прадставіць тэкст на беларускай мове, музыку ці гатовы гімн (тэкст і ноты), з дэвізам і звесткамі пра аўтара.