Не спыніць не стрымаць
На рашучай хадзе “Лакаматыў-КІС” праводзіць сустрэчы ў сваёй групе. За плячыма “чыгуначнікаў” – палова матчаў другога этапа чэмпіяната. З дванаццаці магчымых ачкоў узята адзінаццаць. Сталася так, што толькі ў гэтыя пятніцу і суботу “Лока” правёў свае першыя хатнія паядынкі другой стадыі.
Нашым землякам у гэтыя дні ўпарта супрацьстаяла дружына Міншчыны “Віталюр”. Вечарам у пятніцу хвалюючымі выдаліся першыя дзесяць хвілін матча. Віцябляне да сярэдзіны першай чвэрці вялі ў ліку з разрывам 6-5 ачкоў, аднак за хвіліну да першага перапынка разрыў у гульні скараціўся да мінімума (17:16).
На апошніх секундах стартавай чвэрці “Лока” ўдалося правесці выніковую атаку, і другі перыяд пачаўся з больш істотным лідэрствам (19:16). Упэўненая гульня віцебскай дружыны на падборах пад сваім шчытом, у контратаках, дазволіла ў другім і трэцім перыядах выйсці ў значны адрыў. Здавалася, “чыгуначнікі” набіраюць абароты, і ўжо нішто ў гэтай сустрэчы не збянтэжыць іхніх аматараў. Дзесьці за 7 хвілін да фініша разрыў складаў 25 ачкоў (67:42).
А потым у гаспадароў намеціўся нейкі галявы ступар – мяч не ішоў у карзіну гасцей. Затое ў гэтым плане пачало шанцаваць мінчукам (69:54). Гуляць яшчэ больш за дзве хвіліны! Трэнер нашай дружыны Руслан Байдакоў бярэ тайм-аўт, і гэта дапамагае віцебскім баскетбалістам захаваць лідэрства і перамагчы з лікам 73:56.
У суботу падапечныя Руслана Байдакова таксама з боем узялі два ачкі. Прычым у гасцей была вялікая верагоднасць забраць іх з сабой. На паркет у апошняй чвэрці каманды выйшлі пры ліку 40:53. І нешматлікія віцебскія аматары баскетбола назіралі неверагоднае. Іх любімцы за апошнія дзесяць хвілін набралі 33 ачкі і адсвяткавалі перамогу з лікам 73:67.
Заўтра і ў аўторак “Лакаматыў-КІС ” прыме “БДУІР-РЦАР”. Хочацца верыць, што ў “Лока” хопіць сіл зноў парадаваць нас станоўчымі вынікамі. Пачатак гульні ў панядзелак у 18.00, а у аўторак дружыны разыграюць спрэчны кідок мяча ў 13.00.