Беларускія баксёры і баксаны паспяхова выступілі на турніры памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў
Напрацягу трох дзён, з 16 па 18 сакавіка, на рынгу ў віцебскім Цэнтральным спартыўным комплексе панавалі сур’ёзныя жарсці – тут праходзіў XIII адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 130 спартсменаў з Беларусі, Расіі і Эстоніі. Нашу краіну прадстаўлялі выхаванцы спартыўных школ з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Магілёва, Барысава і Баранавічаў. Расійскія госці прыехалі з Пскова, Вялікіх Лукаў, Рослаўля, Анапы, а эстонцы – з Таліна і Йыхві.
Адметнасцю сёлетняга віцебскага турніру стала тое, што на ім упершыню прайшлі баі сярод жанчын. Папулярызаваць жаночы бокс сталі з-за таго, што ён уключаны ў афіцыйную праграму Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане. На рынг выходзілі спартсменкі 1992 года нараджэння і старэйшыя ў вагавых катэгорыях да 60 кг. У мужчынскай частцы турніру паядынкі праходзілі сярод спартсменаў у трох узроставых групах (1997-1998, 1995-1996 і 1993-1994 гадоў нараджэння) у розных вагавых катэгорыях.
Па словах галоўнага сакратара турніру Аляксея Шашко, беларускія баксёры вельмі паспяхова выступілі на гэтых спаборніцтвах. “Увогуле многія адзначылі, што гэты турнір памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў меў даволі высокі ўзровень. У мінулым годзе турнір на праводзіўся, па фінансавых прычынах, а сёлета яго вырашылі адрадзіць”, – сказаў А.Шашко.
Прыемна, што на вышэйшую ступень п’едэсталу гонару не раз падымаліся прадстаўнікі Віцебшчыны. Так, сярод юнакоў 1993-1994 г.н. пераможцамі сталі адны віцябляне: Арцём Кісель (вагавая катэгорыя да 56 кг), Сяргей Шарабайка (да 60 кг), Дзмітрый Карвецкі (да 64 кг), Дзяніс Паскін (да 91 кг).
Ва ўзроставай групе 1995-1996 г.н. перамогу святкавалі чатыры нашых земляка: Уладзіслаў Каліянц (Віцебск, вагавая катэгорыя да 42 кг), Яўген Леднік (Глыбокае, да 48 кг), Алег Кандратовіч (Віцебск, да 60 кг), Аляксей Лакса (Віцебск, да 63 кг). Сярод удзельнікаў 1997-1998 г.н. “золата” заваяваў віцяблянін Дзяніс Халанькоў (да 54 кг).
Прадстаўніцы нашай вобласці былі першымі і сярод баксан: Анастасія Конах (Наваполацк, да 51 кг) і Аляксандра Малахава (Віцебск, да 60 кг). Жаночыя баі прайшлі ў апошні дзень турніру, 18 сакавіка.
Правілы жаночага бокса шмат у чым падобныя з мужчынскім. Адно з нешматлікіх істотных адрозненняў у тым, што абавязковым элементам экіпіроўкі баксан з’яўляюцца абараняючыя грудзі пратэктары – спецыяльныя шчыткі. Гэта шмат у чым вызначае важную тэхнічную асаблівасць жаночага бокса: тут больш удараў наносіцца ў галаву і менш – у добра абаронены корпус.
Арганізатарамі турніру памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў выступілі Віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам, грамадскае аб’яднанне “Віцебская федэрацыя бокса”, Віцебская гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Братэрства” пры падтрымцы прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Віцебскай вобласці.