Не рэстаўруеце – аддайце
Аршанскія уніяты збіраюць подпісы за перадачу гісторыка-культурнага помніка — будынак былога Базылянскага манастыра — ў маёмасць Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы.
Помнік 18 стагоддзя разбураецца некалькі год запар. Пасля таго, як у будынка мясцовымі ўладамі быў разабраны разваліўшыся дах, будынак перадалі Беларускай Праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату (БПЦ). Перадача пытання не вырашыла — царква не мае сродкаў для аднаўлення святыні. У сувязі з гэтым вернікі грэка-каталікі ў Оршы распачалі збор подпісаў. У падпісных лістах да гарвыканкаму адзначаецца, “калі БПЦ не можа па-гаспадарску клапаціцца пра перададзеную ёй дзяржаўную маёмасць, то будынак былога манастыра павінны быць павяртаны яго гістарычнаму, а значыць, які мае на тое законнае права, уладальніку — Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве”.
Між тым вернікі разумеюць, што мясцовыя ўлады наўрад ці вернуць манастыр уніятам. Мясцовая парафія “Пакрова Маці Божай” ужо больш за 10 гадоў па даволі фармальных прычынах не можа, нават, атрымаць рэгістрацыю. Да таго ж уніяты пасля аднаўлення сваёй дзейнасці ў Беларусі ні разу не прэтэндавалі на будынкі, якія цяпер належаць праваслаўным.
У гэтым жа месяцы аршанскія краязнаўцы даслалі ліст на імя міністра культуры з просьбай паспрыяць аднаўленню помніка. Адказ з міністэрства яшчэ не атрыманы, але краязнаўцы ўжо рыхтуюць ліст да пракуратуры ў сувязі з парушэннем закона пра ахову гісторыка-культурных помнікаў. Папярэднія звароты да пракуратуры і чыноўнікаў не мелі аніякіх вынікаў. Помнік працягвае разбурацца.