Упершыню квіткі на канцэрты Міжнароднага фестываля мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" можна будзе набыць праз Інтэрнэт. Падобную паслугу для прыхільнікаў фэст падрыхтаваў да свайго 20-гадовага юбілею. Натуральна, што продаж квіткоў будзе здзяйсняцца і традыцыйным спосабам – праз касы.
Як паведамляе БелТА, праз Інтэрнэт квіткі будзе рэалізоўваць кампанія Ticketpro. На яе сайце можна будзе знайсці інфармацыю аб фестывальных мерапрыемствах, замове, браніраванні, спосабах дастаўкі і аплаты квіткоў.
Цікава, што сістэма інтэрнэт-продажу квіткоў на канцэрты ў Віцебску пачне працаваць яшчэ раней, чым пачнецца “Славянскі базар”. Ужо ў красавіку такім чынам можна будзе набыць квіткі на канцэрт Надзеі Бабкінай, выступ Маскоўскага цырка Нікуліна на Каляровым бульвары. Гэтыя канцэрты запланаваны ў майскай афішы Летняга амфітэатра.