93 гады таму беларусы упершыню вырашыліся на незалежнасць. 25 сакавіка 1918 года стаў днём беларускай рэвалюцыі, якой не было, але яе наступствы адчувае на сабе кожны з сучасных жыхароў сінявокай краіны паміж Бугам і Дняпром.
Не буду муляць вочы чарговым пераказваннем трагічнай гісторыі першай дзяржавы беларусаў — Беларускай Народнай Рэспублікі, якую вы зможаце знайсці, напрыклад, на Вікіпедыі. Але хачу спыніцца на парадоксе нашага сучаснага ўспрымання гэтага дня.
Месяц, калі нарадзілася Беларусь
Сакавік досыць багаты на падзеі беларускай дзяржаўнасці. У пачатку сакавіка была ўтвораная Беларуская Народная Рэспубліка, у сярэдзіне — прынятая першая канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і напрыканцы месяца 25 сакавіка 1918 года — БНР абвешчана незалежнай дзяржавай.
Мапа БНР на французскай мове, 1918 год
Гісторыкі даўно даказалі, што без няхай і сімвалічных актаў утварэння і незалежнасці БНР, сучасная Беларусь верагодней за ўсё не існавала б. Бальшавікі пайшлі на стварэнне ССРБ-БССР толькі пад уплывам беларускіх дзяржаўных дэкларацый сакавіка 1918 года. А не было б БССР, то не было б надзей на з’яўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Не было б сайтаў дамена .by, нацыянальнай бібліятэкі, удзелу і перамогі на дзіцячым Еўрабачанні, «Песняроў» і твораў Караткевіча, нашага тэатра імя Якуба Коласа і многіх-многіх рэчаў, якімі мы ганарымся і кажам, што мы — беларусы.
Нарэшце, не было б першай канстытуцыі 1994 года, прыняцце якой адзначаецца на дзяржаўным ўзроўні пры поўным ігнараванні першавытока — 25 сакавіка 1918 года.
Віцебск і БНР
Нажаль, Віцебск проста не заўважыў БНР. Спрэс габрэйска-рускі горад не разумеў і не жадаў беларускай дзяржаўнасці. Адзіная арганізацыя з нацыянальным ухілам — Беларускі народны саюз — да вясны 1918 года практычна не дзейнічала. Негледзячы на гэта, летам 1918 года дзеячы народнага саюза — доктар Грыгаровіч, праваслаўны грамадзкі дзеяч Бялыніцкі-Біруля і авіятар Палонскі былі абвінавачаны бальшавікамі ў стварэнні ворганаў БНР у Віцебску і расстраляныя ў Духаўскім яру.
Але акрамя сумных фактаў, ёсць і добрыя. У 1916 годзе Віцебскі настаўніцкі інстытут скончыў Кастусь Барысавіч Езавітаў, будучы міністар абароны першага ўрада БНР, стваральнік нацыянальнай арміі і першы беларускі генерал.
Першы беларускі ўрад, 1918 год. Стаіць у цэнтры Кастусь Езавітаў
Спадзяюся, што прыйдзе час, калі гэты сонечны сакавіцкі дзень не будзе раз’ядноўваць па колеры сцягоў і палітычных прыхільнасцях, а аб’яднае ўсіх тых, хто мае гонар звацца беларусамі.
З Днём народзінаў, Беларусь! Жыве Беларусь!