Крок. Другі – і “Лока” ў чвэрцьфінале
Без асабістых складанасцей “Лакаматыў-КІС” правёў групавую стадыю рэспубліканскага спаборніцтва па баскетболу ў вышэйшай лізе. Заключнай фазай другога этапа для віцябчан сталі хатнія матчы напрыканцы тыдня з “Барысфенам”. Напярэдадні гэтага тура ”чыгуначнікі” і магіляўчане ўжо гарантавалі сабе выхад у ? фінала плэй-оф.
Нягледзячы на тое, што сустрэчы ўжо насілі статыстычны характар, на пляцоўцы два дні запар назіралася ўпартая барацьба, якую кожная з каманд завяршыла з пераменным поспехам.
Пятніца была днём нашых землякоў. Стабільным і ўпэўненым лідарствам у гэты вечар гаспадары завалодалі толькі ў сярэдзіне трэцяй чвэрці. У гэтым жа перыядзе віцябчане ўдала паспаборнічалі з супернікам у дакладасці трохачковых кідкоў. Месцячы у гэтым кампаненце перайгралі прыезжую каманду, набраўшы 12 ачкоў супраць 9-ці.
У выніку пасля трох перыядаў падапечныя Руслана Байдакова лідыравалі з лікам 73:64. Пры ўсім жаданні і намаганнях у апошнія 10 хвілін госці не маглі нічога змяніць. Наш “Лока” рушыў наперад. Урэшце рэшт – 96:84.
Паўторная сустрэча стала зорным часам для гасцей. Яны зрабілі перамогу за кошт снайперскіх кідкоў з-за дугі. Асабліва ўразіла першая чвэрць. З сямі трохачковых кідкоў шэсць дасягнулі мэты.
Надзея, што наш клуб вырве перамогу ў магіляўчан, жыла да апошняга. За дзве хвіліны да заканчэння матча “Лакаматыў-КІС” саступаў з невялікім адрывам (73:78). Але госці не дазволілі сапсаваць сабе настрой (75:82).
Захаваўшы пяты радок у турнірнай табліцы, віцебскі клуб у ? фінала серыі плэй-оф згуляе з гомельскім “Сожам”. Першы матч гэтай серыі (да двух перамог адной з каманд) адбудзецца ў сераду ў Гомелі. Другую сустрэчу “Лакаматыў-КІС” правядзе ў родных сценах ЦСК 2 красавіка. Пачатак гульні – у 15.00. Падтрымаем нашых!