На Пастаўшчыне паставяць помнік велікоднаму яйку
У фальклорна-міфалагічным комплексе “Азяркi” ў Пастаўскім раёне 24 красавіка, на свята Уваскрасення Хрыстова, адкрыецца незвычайны помнік – велікоднаму яйку. У Беларусі гэта будзе першае скульптурнае ўвасабленне галоўнага атрыбута Вялікадня.
Як піша БелТА, паркавая скульптура вышынёй каля двух метраў зроблена з бетону. Бетонную “маляванку” прыдумаў і зрабіў мясцовы мастак. Першымі новы помнік убачаць удзельнікі тура “Велікодныя традыцыі Пастаўскага Паазер'я”.
Дарэчы, помнікі велікоднаму яйку ёсць у канадскім горадзе Вегрэвіль (прычым тут велікодны сімвал чамусьці ўсталявалі ў гонар мясцовай коннай паліцыі!), у Расіі, Румыніі і Украіне. У горадзе Каламыя Івана-Франкоўскай вобласці пабудавалі адзіны ў свеце музей у выглядзе велікоднага яйка, спецыяльна для эспанавання “пісанак”. А ў вёсцы Браткаўцы на Львоўшчыне паставілі капліцу ў выглядзе яйка, унутры якога стаіць фігура Дзевы Марыі.