Падчас суботніка ў Віцебску добраўпарадкуюць тэрыторыю будучага заасада
16 красавіка ў Віцебскай вобласці, як і па ўсёй краіне, праходзіць суботнік. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел каля 500 тысяч жыхароў вобласці.
Жыхары Віцебска сёння будуць працаваць у парку Пераможцаў, на рэканструкцыі канцэртнай залы "Віцебск", на будаўніцтве жылых дамоў і дзіцячага садка ў мікрараёне Білева. Таксама ўдзельнікі суботніка зоймуцца падрыхтоўкай пляцоўкі пад будаўніцтва будучага заасада. Будзе прыведзена ў парадак тэрыторыя Воранаўскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў пад Віцебскам. Акрамя таго, гараджане будуць садзіць дрэвы, кветкі, абустройваць газоны, даглядаць месцы вайсковых пахаванняў, убіраць на тэрыторыі сваіх прадпрыемстваў.
Па задумцы ўладаў, сёлетні вясенні суботнік праходзіць пад знакам Чарнобыля. Палова грашовых сродкаў пойдзе на санаторна-курортнае лячэнне дзяцей і інвалідаў, што жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, а таксама на будаўніцтва музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Астатнія грошы размяркуе аблвыканкам. Чакаецца, што яны пойдуць на лячэнне дзяцей-чарнобыльцаў і на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў здравааховы.