У Віцебскай дыяцэзіі з’явілася свая газета
18 красавіка ў Віцебску прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам біскупа Уладзіслава Бліна. Сустрэча адбылася ў душпастырскім цэнтры пры парафіі Езуса Міласэрнага. Былі прадстаўнікі мясцовых друкаваных СМІ, а таксама супрацоўнікі тэлебачання і радыё.
Біскуп Уладзіслаў павіншаваў прысутных з блізкімі Пасхальнымі Святамі і падзяліўся сваёй радасцю з нагоды адзінства ўсіх хрысціянаў у святкаванні Вялікадня. Кс. Юрый Жаўняровіч коратка нагадаў гісторыю паўстання Віцебскай дыяцэзіі і распавёў пра чэрвеньскія ўрачыстасці. 18 чэрвеня з волі Святога Айца Бэнэдыкта XVI касцёл Езуса Міласэрнага будзе ўзнесены да тытулу катэдры Віцебскай дыяцэзіі. Гэтыя святкаванні будуць спалучаны з Эўхарыстычнай працэсіяй Божага Цела па вуліцах Віцебска.
Кс. Віктар Місевіч, адказны за СМІ ў Віцебскай дыяцэзіі, прэзентаваў прысутным дыяцэзіяльную газету “Каталіцкі Веснік”. Газета атрымала рэгістрацыю Міністэрства інфармацыі, і будзе выходзіць штомесяц. У ёй плануецца асвятляць падзеі з жыцця Віцебскай дыяцэзіі. Кс. Віктар распавёў пра супрацоўніцтва з абласной тэлекампаніяй “Віцебск”. Сумеснымі намаганнямі католікаў Віцебшчыны і супрацоўнікаў тэлекампаніі выходзіць штомесяц перадача “Вытокі”. У ёй асвятляюцца значныя падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Віцебскай дыяцэзіі. Дарэчы, праглядзець усе перадачы “Вытокі” з каталіцкай тэматыкай можна ў архіве партала catholic.by.
Падчас свайго выступу кс. Віктар расказаў пра візіт у Мінск старшыні Папскай рады па СМІ арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэллі. Кожны з удзельнікаў прэс-канферэнцыі атрымаў падрабязную праграму яго візіта.
Айцец Пётр Фраштэнга OCD засяродзіў увагу прысутных на пытаннях сямейнай праблематыкі і расказаў пра стратэгію Каталіцкага Касцёла на гэтым напрамку.
Затым перад прысутнымі выступіў кс. Аляксандр Дулінец. Ён расказаў пра VII міжнародную медыцынскую канферэнцыю “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”, якая пройдзе ў Віцебску 26-27 мая 2011г. У ёй прымуць удзел госці з Індыі, Італіі, Кітая, Швейцарыі і нш. замежных краін, а таксама з Беларусі. Канферэнцыя арганізоўваецца намаганнямі Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскага аблвыканкама.
Завяршылася прэс-канферэнцыя пачастункам пры каве і сяброўскімі размовамі.