Алёна Ланская прадставіць Беларусь на конкурсе “Віцебск-2011”
Алёна Ланская прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", які пройдзе ў час XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Як паведамляе БелТА, заяўку для ўдзелу ў конкурсе Алёна падавала ў шосты раз. На праслухоўванні артыстка выканала песні Уладзіміра Кандрусевіча на вершы Вольгі Болдыравай "Белая ластаўка", а таксама "Споведзь кахання" ўкраінскіх аўтараў Сашко Нэвжэ і Мікалая Аршэка.
Экспертная група і прафесійнае журы двойчы ацэньвалі вакальныя дадзеныя патэнцыйных удзельнікаў "Віцебска-2011". У першым праслухоўванні, акрамя Алёны, удзельнічалі Іван Буслай, Юлія Быкава, Саша Салавейчык, Дзяніс Ліс, Мікалай Волегаў, Канстанцін Гарошка, Глеб Жабко, Яўген Слуцкі, Вольга Шылухіна. Перавагу судзейская калегія вырашыла аддаць Алёне Ланской і Яўгену Слуцкаму.
Пасля паўторнага праслухоўвання члены журы, у якое ўваходзілі Ірына Дарафеева, Васіль Раінчык, Аляксандр Ціхановіч, Эдуард Зарыцкі, Сяргей Сухамлін, Алег Елісеенкаў, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, зрабілі канчатковы выбар на карысць Алёны Ланской.
Алёна Ланская – адна з самых тытулаваных спявачак на беларускай сцэне. Яна з’яўляецца трыўмфатарам міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Atlantic Breeze-2010" (ЗША); уладальніцай першых прэмій Еўрапейскага музычнага конкурсу "Сарандев-2008" (Балгарыя), міжнароднага конкурсу "Кубак Еўропы-2009" (Расія), міжнароднага фестывалю мастацтваў " Спивограй-2010 "(Украіна). Спявачка таксама з’яўляецца лаўрэатам конкурсу маладых музыкантаў "Маладыя таленты Беларусі", лаўрэатам I ступені конкурсу маладых выканаўцаў маладзёжнай песні V Міжнароднага фестывалю "Моладзь – за Саюзную дзяржаву" (Расія).
У 2010 годзе выйшаў першы сольны альбом Алёны Ланской "Лабірынты лёсу", у які ўвайшлі песні на рускай, беларускай і англійскай мовах.
БелТА.