У Кіеве паставілі помнік Уладзіміру Караткевічу

У цэнтры Кіева ўсталявалі шматметровы помнік вядомаму беларускаму пісьменніку, паэту і драматургу Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу.
У Кіеве паставілі помнік Уладзіміру Караткевічу. Фота Ганны Кісялёвай / http://izvestia.com.ua

Скульптура класіка беларускай літаратуры з’явілася ў сталіцы Украіны на вуліцы Кацюбінскага, побач з будынкам беларускага пасольства. Помнік выраблены коштам Беларусі, мантаж аплацілі ўкраінскія мецэнаты.

У Кіеве паставілі помнік Уладзіміру Караткевічу. Фота Ганны Кісялёвай / http://izvestia.com.ua

Бронзавы манумент стварылі два беларускія скульптары — Алег Варвашэня і Канстанцін Селіханаў, ён ўяўляе сабой фігуру Караткевіча ў берэце, пісьменнік апрануты ў тоўсты швэдар і несамудранае паліто, у кішэні якога схаваў рукі. Уладзімір Сямёнвіч стаіць на фоне раскрытай кнігі, на яе старонцы змешчана апошня страфа верша “І тады закахалася хмара...” на беларускай і ўкраінскай мовах: “І пад птушак зялёны гоман / Нарадзіліся для абшараў, — / Плод кахання бору і хмары, — / Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.” Вышыня фігуры Караткевіча — 2,3 м, вышыня кнігі - каля 3,4 м, вага — каля 2,5 тонаў.

Камень на месцы ўсталявання помніка заклалі яшчэ ў лістападзе 2009 годзе ў прысутнасці міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, сам помнік быў адпраўлены ў Кіеў яшчэ ў снежні 2010, але ўсталвявалі яго толькі сёлета 12 красавіка — якраз на наступны дзень пасля тэракта ў Мінску.

З Кіевам Уладзімір Караткевіч мае моцную повязь — тут ён скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Т.Р.Шаўчэнкі (з якога, па звестах Адама Мальдзіса, ледзь не быў адлічаны за украінскі нацыяналізм, працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці, а таксама добра разбіраўся ва ўкраінскай літаратуры і быў знаёмы з многімі літаратарамі. Шэраг твораў славутага беларуса неаднаразова выдаваўся на украінскай мове: Вірші, 1971 г., “Чозенія”, 1972 г., “Чорний замок Ольшанський”. “Дике полювання короля Стаха”, 1984, “Saxifraga”, 1986 г., ”Вірші”, 1987 г., “Христос приземлився в Городні (Євангеліє від Іуди)”, 1988 г., “Тракт невмирущості”, 1988 г., “Твори”, 1991 г. (у 2-х тамах), “Човен розпачу”, 1991 г.

На ўсталяванне велічнага помніка беларускаму песняру ў цэнтры “Маці гарадоў рускіх” хваравіта адрэагавала чарнасоценнае расейскае інфармацыйнае агенства “REGNUM”, якое вуснамі нейкага Ермалая Слышіка назвала Уладзіміра Караткевіча русафобам, і адзначыла, што ён “является автором ряда литературных произведений, в которых героизируются образы польских повстанцев, царская Россия изображена “тюрьмой народов”, русские — агрессорами и оккупантами”. Пад “польскими повстанцами” тут, у першую чаргу, маюцца на ўвазе героі “Каласоў пад сярпом тваім” Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі.

Фота Ганны Кісялёвай / "Весці ва Украіне"

Меткі: ,

Чытайце яшчэ