У Віцебску іспанскія гуркі не прадаваліся
Агуркоў з Заходняй Еўропы ў буйных гандлёвых цэнтрах Віцебска на сённяшні дзень у рэалізацыі не было. Але якая-ніякая садавіна ды гародніна з-за Буга ўсё ж мелася.
“У нас няма ніякай неабходнасці завозіць агуркі з Заходняй Еўропы, бо хапае сваіх. Памідоры з краінаў ЕС у гандлёвых цэнтрах таксама не прадаюцца. Але наконт рынку – не ручаемся. У прадуктовых крамах могуць прысутнічаць толькі тая гародніна і садавіна з-за мяжы, якая ў нашых ўмывах альбо не вырошчваецца, альбо яшчэ не саспела”, – патлумачылі ва ўпраўленні гандлю і паслуг гарвыканкама.
Сапраўды, 3 чэрвеня ў адным з супермаркетаў гандлёвай сеткі “Веста” агуркі “Барселона” прадаваліся. Але не іспанскія, а родам з цяплічнага філіялу “Віцебскэнерга” (8 320 рублёў за 1 кг). Меліся таксама рудакоўскія – па цане 7900 за кілаграм.
З іспанскага былі хіба што лімоны (17 430 рублёў). Апроч гэтага, на паліцах ляжалі польскія капуста (6 930 рублёў), яблыкі “Глостэр” (14 440) і “Чэмпіён” (15 070), а таксама бяльгійскія ігрушы (12 690). Апельсіны, вінаград ды какосы прадстаўлялі афрыканскі кантынент. У “Віцебскіх прадуктах” назіралася падобная сітуацыя.
На рынку (Паўднёвы), як і мае быць, выбар быў троху шырэйшы, а кошты ніжэйшыя. Але і тут заходнееўрапеская гародніна адсутнічала. Адшукаўся толькі іспанскі салодкі перац. Што да мясцовага тавару, дык агуркі пінскія грунтовыя каштавалі 7500 за 1 кг. Крыху таннейшыя былі з Рудакова.
Трывожныя весткі з Еўропы, дзе назіраецца рост захварванняў, выкліканых кішэчнай бактэрыяй E.coli, тут успрымаюць спакойна. Нават з усмешкай. “Нашто нам еўрапейскае! Сваё, дамашняе – і саладзейшае, і свяжэйшае”, – расхвальвала вырашчаныя ва ўласных цяпліцах агуркі прадпрымальніца Валянціна.
У Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя таксама супакоілі: “Сітуацыю адсочваем і кантралюем. Дзякуй богу, мяжы з “дзікім захадам” у нас няма, таму нейкіх асаблівых мер не прадпрымаем. Карыстаемся ўказаннямі Мінздароўя”.
Толькі адзін суразмоўца выявіў у гэты дзень сваю агуркафобію: “А хто яго ведае, ці з Рудакова гэтыя гуркі прывезены? На шыльдачцы можна напісаць, што з Рудакова, а пакласці – іспанскія...”
Між тым, 2 чэрвеня Еўракамісія адклікала папярэджанне наконт магчымай небяспекі ў сувязі са спажываннем іспанскіх гуркоў. Па стане на мінулы чацвер, ад хваробы памерлі ўжо 16 чалавек. Крыніцу заразы медыкі пакуль што не ўстанавілі.
Нагадаем таксама, што Беларусь пакуль не ўводзіла забарону на ўвоз гародніны з краінаў ЕС. Але, як нядаўна паведаміў Інтэрфакс, прыпыніла транзіт гародніны з ЕС у Расію.