Народные новости Витебска

Віцебск святкуе 1037-мы дзень народзінаў

Святкаванні Дня горада пачаліся ў Віцебску 25 чэрвеня. На вуліцах і плошчах нашага старажытнага горада прайшлі аўтапрабег рэтрааўтамабіляў, шэсце маладажонаў, выставы, канцэрты і тэатралізаваныя паказы.

На 1037-ы дзень нараджэння Віцебска прыехалі госці з гарадоў-партнёраў і гарадоў-пабрацімаў з Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Расіі і Украіны. Яны прынялі ўдзел у інвестыцыйным форуме, які праходзіў у канцэртным зале “Віцебск”.

У выставе рэтрааўтамабіляў удзельнічала каля 50 старых аўтамабіляў, праўда, большасць з іх — пасляваенныя савецкія мадэлі. На жаль, аўтамабіль ГАЗ-М-20 “Победа” не апраўдаў сваёй назвы і заглох падчас руху калоны. “Победу” з віцебскім сцягам прыйшлося піхаць супрацоўнікам міліцыі ў штацкім.

Следам за рэтраўтамабілямі прайшлі маладажоны — 20 пар. Аднак засталося незразумелым, ці сапраўды ўсе яны сёння пабраліся шлюбам.

Асноўныя відовішчныя мерапрыемствы прайшлі на беразе Дзвіны пад манументам "Тры штыкі". Пры гэтым стромы адхон пагорка, на якім усталяваны помнік, ператварыўся ў натуральны амфітэатр, на якім размясціліся гледачы.

Тут перад віцяблянамі з’яўляліся то варажская дружына Вольгі, то гусары з вензелямі Аляксандра I, то савецкія жаўнеры часоў Другой сусветнай вайны. Не абыйшлося і без спартсменаў — яны ехалі на роліках, роварах і дэманстравалі прыёмы адзінаборстваў.

Па Дзвіне ў гэты час курсіраваў цеплаход “Віцебск”, упрыгожаны дзяржаўнымі сцягамі. Міма гледачоў праплыла Вольга ў ладдзі, следам за ёй спартсмены на лодках і водныя лыжнікі, якія трымалі сцягі горада і вобласці. На супрацьлеглым беразе паказвалі сваё майстэрства супрацоўнікі МНС, з маста Блахіна яны нават наладзілі два каляровых фантаны пры дапамозе пажарных аўтацыстэрнаў.