Хрыстафору Жаляпаву чарговы раз адмовілі ў правядзенні мітынга ў парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў. На гэты раз міліцыя, хуткая дапамога і Віцебская жыллёва-камунальная гаспадарка па розных прычынах адмовіліся абслугоўваць масавае мерапрыемтсва.
Чыгуначны аддзел унутраных спраў не змог знайсці вольных супрацоўнікаў для аховы правапарадку на мітынгу, бо ўсе яны быццам бы задзейнічаны ў месцах масавага адпачынку грамадзян, дзіцячых летніках і на праваслаўным фестывалі “Адзігітрыя”.
Вольнай брыгады хуткай дапамогі таксама не знайшлося. Усе задзейнічаныя на абслугоўванні футбольнага матча жаночага чэмпіяната па футболу паміж камандамі “Універсітэт” і “Мінск”, спартовых мерапрыемствах у летніку “Дружба”, а таксама на праваслаўным фестывалі “Адзігітрыя”.
Самую цікавую адмову прыслалі з Віцебскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі — яны патлумачылі, што на аснове дамовы ўборку робяць прадпрыемствы “Гардармост” і “Віцебск Зелянбуд” штодзённа, а таксама пасля санкцыяваных мерапрыемстваў, а таму дадатковую дамову яны заключыць не могуць.
Такім чынам адміністрацыя Чыгуначнага раёна Віцебска з чыстым сумленнем адмовіла Жаляпаву ў правядзенні мітынга з-за таго, што ён не заключыў дамовы на абслугоўванне масавага мерапрыемства.