У Віцебску пратэстуюць таварыствы ўласнікаў
Старшыні трыццаці віцебскіх таварыстваў накіравалі калектыўны зварот міністру ЖКГ, старшыням абл- і гарвыканкамаў, кіраўніцтву Дзяржкантролю і фінаддзела Віцебскага гарвыканкама.
Яны просяць разабрацца ў сітуацыі, якая склалася з атрыманнем бюджэтных асігнаванняў за першае паўгоддзе і прыняць удзел у вырашэнні пытання па пакрыццю страт за жыллёва-камунальныя паслугі на 2011 г.
«Я магла б сабраць і болей подпісаў, але ў нас занадта мала часу — наперадзе ацяпляльны сезон, — патлумачыла «НН» адна з ініцыятараў звароту Вера Котава, старшыня віцебскага таварыства ўласнікаў «Юнона». — Мы даведзеныя да адчаю — фактычна да канца года нашы супрацоўнікі павінны працаваць бясплатна». Па яе словах, гарадскі фінаддзел у чатыры разы скараціў памер кампенсацыі на камунальныя выдаткі.
Паводле закона, дзяржава часткова кампенсуе выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне тэрыторыі жылых дамоў,
у тым ліку і тых, што не абслугоўваюцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да такіх адносяцца і таварыствы ўласнікаў.
Летась памер кампенсацыі складаў 5550 рублёў на 1 кв.м плошчы дома,
што ацяпляецца. Гэтыя нарматывы даводзяцца кіраўнікам таварыстваў перад пачаткам фінансавага года. Сёлета віцебскія таварыствы даведаліся пра памер кампенсацыі на 2011 год толькі ў сярэдзіне ліпеня. Паводле слоў Веры Котавай, таварыства атрымала з фінаддзела ліст, у якім гаворыцца, што
сёлета кампенсацыя складзе 1000 рублёў.
Яна кажа, што
калі гэтая лічба будзе канчаткова зацверджаная, яе арганізацыя, як і астатнія 120 віцебскіх таварыстваў, паўстане перад неабходнасцю звальнення персаналу.
«У нас тут цэлы штат працуе — ад бухгалтара да дворніка». Не ведаючы памераў нарматыву, таварыства разлічвала выдаткі згодна са старым тарыфам, улічыўшы рост інфляцыі. Цяпер няясна, хто кампенсуе гэтую розніцу. А таксама, як з такімі цэнамі і кампенсацыяй падтрымліваць дом і прылеглую тэрыторыю ў парадку, як таго патрабуе жыллёвы кодэкс.
Старшыня «Юноны» кажа, што ў доме таварыства жывуць далёка не багатыя людзі.
«У нас няма кансьержаў з ахоўнікамі, агароджаных парковак і відэакамер. Тут жывуць малазабяспечаныя сем’і, якія набывалі кватэры па льготных крэдытах», —
расказвае яна. Калі фінаддзел не перагледзіць памер кампенсацыі, камунальныя выдаткі аўтаматычна лягуць на плечы жыхароў. «Як патлумачыць, чаму яны мусяць плаціць гэтыя грошы, калі ў суседнім доме, які абслугоўвае ЖЭС, ніхто нічога не плаціць?» — пытае Вера Котава і апелюе да 22-га артыкула Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам, маюць аднолькавыя правы на абарону сваіх інтарэсаў. Яна прапануе параўнаць не толькі з суседнімі дамамі, але і з іншымі гарадамі. «Па нашых звестках, у Віцебскім раёне памер кампенсацыі складае 7200 рублёў, у Мінску 8800, а ў Пінску дзейнічае дыферэнцыйны падыход — памер кампенсацыі залежыць ад узросту дома: чым ён старэйшы, тым большы нарматыў».
Старшыню таварыства абурае стаўленне да іх праблемы з боку гарадскіх уладаў. «Як якую дэлегацыю прывезці, дык адразу да нас, бо тут заўсёды прыбрана, акуратна, прыгожа. А як пачалі высвятляць, чаму нам скарацілі выплаты, то адразу прыгразілі наслаць на нас праверкі».
Начальнік фінансавага ўпраўлення Віцебскага гарвыканкама Яўгенія Бардушка паведаміла карэспандэнту «НН», што ліст ад старшыняў таварыстваў яны атрымалі і ўжо падрыхтавалі адказ. Яна патлумачыла, што нарматыў па кампенсацыі выдаткаў на тэхабслугоўванне фармуецца згодна заканадаўства, палажэнняў Жыллёвага кодэкса і ў адпаведнасці з магчымасцямі бюджэту.
«У гэтым годзе ён складзе 1000 рублёў», — падкрэсліла чыноўніца. Па яе словах, гарвыканкам цалкам кампенсуе выдаткі на абслугоўванне ліфтаў. «Вы зразумейце, што жыллёвы фонд таварыстваў у большасці выпадкаў новы, а вось ў падпарадкаванні камунальнай гаспадаркі трапляюцца дамы, якім за 40 год. Адпаведна, выдаткі на абслугоўванне новых дамоў і старых будуць розныя». Яўгенія Іванаўна падкрэсліла таксама, што ў камунальных арганізацыях доля заробкаў у фондах складае да 52%, а ў таварыствах да 68%.
Таварыства ўласнікаў — некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўласнікаў памяшканняў у шматкватэрным жылым доме.
Ствараецца з мэтай сумеснага кіравання жылым комплексам, забеспячэння яго эксплуатацыі. Перавага падобных арганізацый у тым, што ўдзельнікі таварыстваў самастойна фармуюць супольны бюджэт на рамонт дома і ўтрыманне прылеглай тэрыторыі.
У новабудоўлях стварэнне таварыстваў уласнікаў абавязковае для забудоўніка.
Іх жыхары — такія ж карыстальнікі камуналкі, як і тыя, хто жыве ў дамах даўнейшага часу пабудовы і абслугоўваецца ў ЖЭСе.