“Віцебск” – “Славуціч”: даганялкі

Прызнаюся шчыра: напісанне нататкі пра матч “Віцебска” са смаленскім “Славуцічам”, які прайшоў у межах турніра на Кубак старшыні Віцебскага аблвыканкама, не ўваходзіла ў мае планы. Але пасля пераканаўся, што будзе грэх не расказаць аб падзеях, што адбываліся ўчора ў віцебскім Палацы спорту. Каб не таміць чытачоў доўгімі расповядамі, адразу адзначу: мач завяршыўся перамогай віцяблян – 7:5.

Нялепшыя дзеянні “мядзведзей” у абароне ў першыя сем хвілін матча прывялі да дзвюх прапушчаных шайб. Здавалася, на гульні можна ставіць крыж. Але далей вельмі да месца прыйшліся словы з песні гурта “Чайф”: “А не спеши ты нас хоронить…”

Праз некалькі хвілін, гуляючы ў большасці, “мядзведзі” скарачаюць лік. Шайба пасля кідка Ягора Цурыкава праслізнула пад рукой брамніка смаленскай дружыны і марудным “крокам” перасекла лінію варот. Парытэт у першым перыядзе нашы хлопцы ўсталявалі за некалькі хвілін да перапынка – практычна ад сіняй лініі Сяргей Маркелаў моцным кідком укалаціў шайбу ў вароты. У наступныя 20 хвілін гледачы назіралі пяць закінутых шайб у выкананні гульцоў абедзвюх каманд.

Самае цікавае пачалося з сярэдзіны перыяда, калі госці зноў выйшлі наперад (2:3). Каб зраўняць лік на табло, віцяблянам спатрэбіўся невялікі час. Элвіс Жалубоўскіс выйшаў на рандэву з расійскім варатаром, расклаў яго на лёд і забіў гол. Прайшлі лічаныя секунды, і смаляне чарговы раз наперадзе – 3:4. Адказ ”Віцебска” доўга не прымусіў сябе чакаць. Праз 30 секунд Антон Елісеенка робіць на пятачку суперніка перадачу Даніілу Арлову – і шайба ў варотах! Пасля чацвёртага прапушчанага гола “Славуціч” не дае “мядзведзям” выйсці са сваёй зоны. Але гаспадарам турніра ўдаецца прарваць блакаду і ўпершыню ў гэтай сустрэчы выйсці наперад. Аўтарам гола стаў Мікіта Ядроец (5:4).

Матч блізіўся да завяршэння пры ліку 5:5. Суддзя-інфарматар пачаў агучваць: “Згодна з рэгламентам турніра ў выпадку нічыёй…” Але гэта аб’яўленне было заглушана трыўмфаваннем віцебскіх трыбун. Нехта з віцебскіх хакеістаў зрабіў кідок па варотах Аляксея Меркесава, той адбіў шайбу але не прыціснуў да ільду, і Андрэй Арлюк наблізіў віцебскую дружыну да вікторыі.

Госці не згаджаюцца з узяццем варот. Галоўны рэферы едзе на відэапрагляд, а затым сігналізуе жэстам рукі: гол залічаны. Апошняя шайба пабывала ў сетцы варот “Славуціча”, калі яны выпусцілі на лёд шостага гульца замест варатара .

Сёння вызначацца фіналісты турніра.”Славуціч” у 14.00 згуляе з наваполацкім “Хімікам”. “Віцебск” у 17.30 прымае “Магілёў”.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ