Пяць год таму, 1 верасня 2006 года, на “Народных навінах Віцебска” з’явіўся першы матэрыял. Сёння наша рэдакцыя святкуе свой першы юбілей.
Усе гэтыя пяць год кожны дзень мы вялі летапіс жыцця нашага горада, кожны дзень нашых наведнікаў чакалі свежыя навіны. Зараз сайт змяшчае 8795 артыкулаў, многія з якіх перадрукаваныя беларускімі СМІ і нават шэрагам замежных, у тым ліку, напрыклад, Lenta.RU і BBC.
Калі на пачатку “Народныя навіны Віцебска” наведвалі 20-30 чалавек, то пад час мінулага “Славянскага базара” ў пік актыўнасці дзённая аўдыторыя сайта перавышала 6000 наведнікаў. За прайшоўшыя пяць год чытачы наведалі “ННВ” амаль 1,6 мільёны разоў і праглядзелі пры гэтым больш за 3,7 мільёны старонак, правёўшы на сайце 165 тысяч гадзін.
Шаноўныя нашы чытачы, гэтыя тысячы гадзін вы не толькі чыталі навіны, але й пакідалі свае каментары да іх, гэткім чынам таксама ствараючы кантэнт “Народных навінаў Віцебска”. Сёння сайт утрымлівае 27 961 каментар, гэта значыць выказаная 27 961 думка пра наш горад. Мы абяцаем, што “ННВ” і надалей застанецца пляцоўкай свабоднага выказвання сваіх поглядаў і абмеркавання жыцця Віцебска.
Пра віцебскія навіны з нашых старонак даведваюцца не толькі жыхары Віцебска, але й замежнікі — геаграфія наведнікаў сайта ўключае 149 краін свету. У дзясятку найбольш актыўных, акрамя Беларусі, уваходзяць Расія, Украіна, Польшча, ЗША, Германія, Ізраіль, Літва, Нарвегія і Латвія. Усіх чытачоў, на якім кантыненце яны б не жылі, мы шчыра вітаем на “Народных навінах Віцебска” — без вас наша праца не мае сэнсу.
За пяць год на сайце шмат чаго змянілася. Некалькі разоў мяняўся дызайн, з’яўляліся новыя рубрыкі, новыя магчымасці. Штосьці прыжывалася, штосьці адвяргалася чытачамі і адыходзіла ў нябыт. Не ўсе задумкі мы змаглі рэалізаваць, не заўсёды хапала рэсурсаў ці нейкага абсталявання. Новы, на рэдакцыйным календары, год таксама не абыйдзецца без зменаў. Мы плануем надалей публікаваць не толькі навіны, але й бойльш грунтоўныя артыкулы, пашырыць выкарыстанне на сайце інфаграфікі, аўдыё- і відыяматэрыялаў. Запланаваны і шэраг вандровак у рэгіёны, як тое было з Лёзна ці Шуміліна.
Крэда “Народных навінаў Віцебска”, некалі вынесенае ў шапку сайта — словы з Евангелля ад Яна: “І спазнаеце ісціну, а ісціна зробіць вас свабоднымі”. У пошуках ісціны мы прайшлі не самы лёгкі шлях — былі і затрыманні карэспандэнтаў, і вобшук у кватэры рэдактара. Але чым больш перашкод будуць нам ствараць ворагі ісціны, тым больш апантана мы будзем яе шукаць. Бо, калі не мы, то хто?