У Оршы адкрылася духоўнае вучылішча
У новым навучальным годзе ў Оршы на вуліцы Савецкай, 7 адкрылася праваслаўнае духоўнае вучылішча. Гэта ўстанова з’явілася ў сувязі з тым, што ўлетку багаслоўска-пастырскае аддзяленне Віцебскага духоўнага вучылішча пераўтварылася ў Віцебскую духоўную семінарыю. Таму зараз духоўнае вучылішча працягне сваю дзейнасць у Оршы.
Трэба адзначыць, што ў Оршы на працягу дзесяці гадоў дзейнічаў філіял Віцебскага духоўнага вучылішча і была створана пэўная база для паспяховага навучання вернікаў. Аднак раней тут займаліся толькі на вячэрнім аддзяленні. Зараз навучанне будзе праходзіць на трох аддзяленнях – дзённым, завочным і вячэрнім. У вучылішча прымаюцца ўсе жадаючыя, без узроставых абмежаванняў.
Сёлета ў Аршанскае духоўнае вучылішча ідзе набор па наступных спецыялізацыях: харавыя спевы, багаслоўска-педагагічнае, місіянерскае, іканапіснае. Навучанне доўжыцца два-тры гады ў залежнасці ад спецыялізацыі. У вучылішчы ёсць і падрыхтоўчы курс, на якім на працягу аднаго года будуць рыхтаваць для паступлення ў семінарыю. Навучэнцы будуць вывучаць кнігі Старога і Новага Запавету, катэхізіс, гісторыю, музыку і шэраг іншых царкоўна-гістарычных прадметаў.
Экзамены і суразмовы з абітурыентамі пройдуць з 9 па 11 верасня.