У Віцебску адбудзецца прэзентацыя кнігі Чэслава Мілаша

У Віцебскай абласной бібліятэцы 5 верасня адбудзецца прэзентацыя зборніка выбраных твораў “Іншага канца свету не будзе” польскага паэта і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. Выданне пераклаў на беларускую мову паэт Андрэй Хадановіч. Пачатак мерапрыемства а 18-й, уваход вольны.

Мерапрыемства пройдзе ў межах праекта “Чэслаў Мілаш у Беларусі”, прысвечанага 100-годдзю з дня яго нараджэння. Чакаецца, што ў прэзентацыі возьмуць удзел Андрэй Хадановіч, беларускі філолаг і палітык Лявон Баршчэўскі, польскія культурныя дзеячы Кшыштаф Чыжэўскі і Ян Анджэй Дамброўскі.

Даведка “ННВ”: Чэслаў Мілаш (1911-2004) – выбітны польскі паэт, пісьменнік, перакладчык, эсэіст, юрыст і дыпламат. Скончыў юрыдычны факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя. Працаваў на Польскім Радыё ў Вільні. У 1937 пераехаў у Варшаву, перад 2-й Сусветнай вайной працаваў на Польскім Радыё ў Варшаве, дзе прабыў усю нямецкую акупацыю. Пасля вайны быў аташэ па культуры ў польскім пасольстве ў Парыжы. У 1951 адмовіўся вярнуцца ў Польшчу і праз некалькі гадоў выехаў у ЗША. У 1980 годзе быў удастоены Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ