Сяргей Петухоў: “Віцебскі хакейны клуб – самы нізкабюджэтны і самы малады ў Беларусі”

У віцебскім Палацы спорту напярэдадні старта юбілейнага, 20-га, чэмпіяната Беларусі па хакею адбылася сустрэча адміністрацыі, трэнерскага штаба і гульцоў хакейнага клуба “Віцебск” з мясцовымі заўзятарамі.

Настаўнік “мядзведзей” Сяргей Петухоў распавёў аб цяперашнім складзе каманды: ”Сёння ў камандзе аптымальнае спалучэнне кошту і якасці. Сабрана ў асноўным моладзь, якая жадае чагосьці дабіцца, заявіць аб сабе, узняцца на прыступку вышэй. Гэты склад нам удалося падрыхтаваць у сакавіку-красавіку. На сённяшні дзень у камандзе 23 чалавекі. З іх 10 выхаванцаў віцебскай школы, 2 гульца з віцебскай фарм-каманды. Гэта значыць, каманда на 50% укамплектавана мясцовымі гульцамі. У прынцыпе, у Беларусі ў камандах экстралігі сваіх гульцоў не так шмат. Таму стаўку робім на гульцоў, якія тут, у Віцебску, ўжо выступалі. На сённяшні дзень камплектаванне скончана”.

Па словах С.Петухова, віцебскі клуб сёння не мае фінансавай магчымасці запрасіць легіянераў: “Я разумею, што хочацца бачыць у камандзе зорных гульцоў, змагацца за прызавыя месцы, але запрасіць гульцоў ўзроўню тых, хто выступае за “Юнацтва” ці “Нёман”, на сённяшні дзень мы не можам сабе дазволіць. Беларускіх гульцоў няма адкуль узяць – яны ўсе “падпісаныя”, а з Расіі моладзь згодная прыехаць, але калі ім будуць плаціць 1,5 тысячы долараў”.

Галоўны трэнер “Віцебска” распавёў крыху і пра заробкі сваіх падапечных: “Нашы хлопцы атрымліваюць па 3-4 мільёны, нехта 5. І яны цэлымі днямі працуюць, а пасля гульняў у кагосьці пераломы, расцяжэнні, гематомы... Наш клуб – самы нізкабюджэтны і самы малады ў Беларусі. Хлопцы, вядома, атрымліваюць заробак, але яны больш гуляюць на сваю будучыню”.

Гаворачы пра ўзровень гульні віцебскіх хакеістаў і бліжэйшыя планы каманды, Сяргей Петухоў адзначыў: “У цэлым прэтэнзій да хлопцаў няма, яны нядрэнна працуюць. Жаданне ў іх вялікае, майстэрства ўжо з’яўляецца. Наколькі нам удасца рэалізаваць сябе ў гэтым сезоне, цяпер цяжка гаварыць. Аднак за месца ў плэй-оф будзем старацца змагацца адназначна”.

Звяртаючыся да заўзятараў, Сяргей Васільевіч выказаў пажаданне, каб яны падтрымлівалі хакеістаў не толькі, калі тыя выігрываюць, забіваюць, але і тады, калі гульня з сур’ёзнымі супернікамі не зусім ладзіцца. І паабяцаў, што каманда будзе выкладацца, наколькі гэта магчыма.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ