Народные новости Витебска

Гран-пры фестываля «Magnificat-2011» атрымаў дакументальны амерыканска-польскі фільм “Лабірынт”

Гран-пры VІI Мiжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2011», які праходзіў з 7 па 10 верасня ў Глыбоцкім раёне, атрымаў дакументальны фільм “Лабірынт” (ЗША-Польшча). Фільм-пераможца на беларускай мове.

Аўтары сцэнарыя гэтай знятай у мінулым годзе 37-хвіліннай стужкі – Джэйсан А. Шмідт і Рон Шмідт, рэжысёр – Джэйсан А. Шмідт. Гэта фільм-памяць. Аўтары распавялі гледачу гісторыю аб тым, як католік Мар’ян Каладзей адным з першых трапіў у канцлагер Аўшвіц. Ён прабыў там пяць гадоў. Былы вязень ніколі не казаў пра перажытыя жахі, пакуль з ім не здарыўся апаплексічны ўдар. Сваё лячэнне Мар’ян пачаў з таго, што папрасіў ручку з чарніламі, каб праз малюнкі выявіць усё, што перажыў у канцлагеры.

Прыз за лепшы дакументальны фільм атрымала стужка “Таямніцы Меджугор’я” італьянскага рэжысёра Элізабеты Кастан’я. Гэта расповед аб тым, як у невялікай баснійскай вёсачцы, падчас пераследаў, вайны і рэлігійных канфліктаў, людзі бачылі аб’яўленне Панны Марыі.

Лепшай тэлевізійнай праграмай журы назвала конкурсную працу “Смерць дзіцяці”, прадстаўленую польскім рэжысёрам Кшыштафам Журоўскім. Глядзець фільм вельмі балюча – ён аб тым, як невылечна хворыя дзеці вучаць дарослых прымаць смерць годна.

Дыплом дзіцячага журы “За лепшы анімацыйны фільм” атрымала стужка расійскага рыжэсёра Наталлі Мальгінай “Оська-святы”. З гэтага мульціка дзеткі даведаюцца пра хлопчыка, які вырашыў стаць святым, і што ў яго з гэтага атрымалася.

Журы высока адзначыла працы і беларускіх аўтараў. Так, прыз кангрэгацыі айцоў францішканаў "За высока прафесійнае кінематаграфічнае даследаванне складанага чалавечага шляха да Бога і веры" атрымаў дакументальны фільм “Вялікдзень на Лысай Гары” ("Студыя імя Св. Яна Воіна", рэжысёр Ёанна Арлова).

Прыз імя Ігната Буйніцкага "За адлюстраванне народных традыцый у спалучэнні з хрысціянствам", заснаваны Глыбоцкім райвыканкамам, узяў дакументальны фільм “Тры каралі. Вадохрышча” ("Беларускі відэацэнтр", аўтар сцэнарыя Таццяна Кухаронак, рэжысёр Ірына Волах). Фільм – пра зімовыя святы Тры каралі (Аб’яўленне Пана) і Вадохрышча (Хрост Пана), якія адзначаюцца ў каталіцкім касцёле і праваслаўнай царкве.

Галоўны прыз Глыбоцкага райвыканкама "За паслядоўны і арыгінальны паказ пошуку шляхоў да Бога" заваяваў дакументальны фільм “Інакіня”, зняты студыяй імя Св. Яна Воіна (рэжысёр Галіна Адамовіч). Стужка распавядае пра манахіню Юліянію з Свята-Елізавецінскага манастыра пад Мінскам – добра вядомага ў музычных колах рэгента і царкоўнага кампазітара.

Усяго на суд журы сёлета на фестывалі «Magnificat» было прадстаўлена больш за 30 фільмаў рэжысёраў з Беларусі, Украіны, Расіі, Арменіі, Польшчы, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Францыі, Славакаіі, Ізраіля, Літвы.

Фільмы, якія ўдзельнічалі ў конкурснай праграме, можна паглядзець на сайце фестывалю signis.by.