Народные новости Витебска

У Віцебску праходзіць выстава ў гонар «беларускай Жанны д’Арк»

У выставачнай зале культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна” праходзіць мастацкая выстава, прысвечаная ўдзельніцы нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 года супраць расійскага царызму, кіраўніцы аднаго з паўстанцкіх атрадаў Эміліі Плятэр.

Пра гэту мужную і прыгожую дзяўчыну, якая памерла за Бацькаўшчыну ў 25 гадоў і якую называюць «беларускай Жаннай д’Арк» – складзена нямала вершаў, легенд і песень. Не раз Эмілія станавілася і гераіняй жывапісных палотнаў. Летась вобраз дзяўчыны-змагаркі натхняў мастакоў з Віцебска, Мінска, Магілёва, Баранавічаў, Пінска, Лепеля, Шаркаўшчыны і іншых гарадоў падчас пленэру на Браслаўшчыне.

Цэнтрам мастацкай акцыі стала вёска Слабодка Браслаўскага раёна, у наваколлях якой працавалі жывапісцы. Акрамя таго, удзельнікі пленэру наведалі іншыя месцы, звязаныя з жыццём Эміліі Плятэр: вёску Опса, якая калісьці належала яе роду і дзе захаваліся фрагменты сямейнай сядзібы, вёскі Іказнь, Бельмонты, пасёлак Відзы. Адным з арганізатараў пленэру з’яўляўся Германавіцкі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча.

Удзельнікамі пленэра сталі мастакі Віктар Шылко, Валерый Счасны, Алег Скавародка, Віктар Крук, Міхась Цыбульскі, Вячаслаў Шамшур, Уладзімір Вальноў, Мікалай Таранда, Галіна Сілівончык, Інга Карашкевіч, Святлана Баранкоўская і іншыя.

У экспазіцыю ўвайшло некалькі партрэтаў Эміліі Плятэр. Вельмі цікава вобраз графіні-змагаркі перадаў Віктар Крук. Эмілія намалявана ў белай кашулі, яе доўгія валасы расчэсвае вецер. Побач стаіць белы конь, грыву якога вецер нібы сплятае з косамі дзяўчыны. Вельмі тонкі, паэтычны і запамінальны партрэт.

Спадабалася “Ідылія” Галіны Сілівончык. На дрэве, у гняздзе, нібы птушкі, сядзяць Адам і Ева, апранутыя ў нацыянальныя строі. Іхняе райскае шчасце ахоўваюць белыя галубы. Гэтакая ідылія па-беларуску, іранічная і вытанчаная.

Абавязкова закрануць сэрца гледача шыкоўныя пейзажы, у якіх мастакі адлюстравалі прыгажосць браслаўскага краю. На выставе таксама прадстаўлены абстрактныя палотны і работы ў тэхніцы батык.

Даведка “ННВ”: Эмілія Плятэр (1806-1831) – прадстаўніца графскага роду Плятэраў, які меў маёнткі ў Польшчы, Літве, Латвіі і Беларусі. У 1815 годзе, пасля разводу бацькоў, ва ўзросце 9 гадоў, пераехала з маці да далёкіх сваякоў Плятэраў-Зібергаў у іх радавы маёнтак Ліксна ў наваколлях Дынабурга (Даўгаўпілса) былой Віцебскай губерніі.

У час паўстання 1831 года ўзначальвала 1-ю роту 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі і атрымала званне капітана. Абрэзаўшы доўгія косы і перапрануўшыся ў мужчынскі касцюм, дзяўчына аб’язджала бліжэйшыя вёскі, заклікаючы сялян да паўстання. Па сведчанні відавочцаў, Эмілія сабрала атрад колькасцю ў 280 стралкоў, 60 конных, некалькі сотняў пешых байцоў.