Віктар Клімчук: “Асяроддзе “Лялькі” – амаль увесь горад”
2 кастрычніка пасля летніх “вакацый” зноў гасцінна адчыніць дзверы Беларускі тэатр «Лялька». Маленькія гледачы ў гэты дзень трапяць на два відовішчы: раніцай іх запросяць на танцавальную праграму, а ўвечары – на казку «Воўк і раз, два, тры». Дарослыя ж убачаць пастаноўку пра каханне «Дэкамерон». Пасля вячэрняга спектакля адбудзецца ўзнагароджанне лепшых артыстаў тэатра па выніках мінулага сезону.
Сёлетні сезон для віцебскіх лялечнікаў – юбілейны. У кастрычніку калектыў адзначыць 25-годдзе тэатра. Да юбілейнай даты трупа рыхтуе некалькі запамінальных імпрэз. На працягу тыдня ў тэатры будуць паказываць лепшыя спектаклі, у Музычнай гасцёўні адчыніцца выстава дэкарацый і лялек. А яшчэ будуць тэатральны «капуснік», сустрэчы акцёраў з гледачамі. У Віцебск спецыяльна на гэта свята прыедуць даўнія сябры “Лялькі” – балгарскі пісьменнік Панча Панчаў, кіраўнік Мыцішчанскага тэатра лялек «Огниво» Станіслаў Жалезкін (Расія), мастацкі кіраўнік Ольштынскага тэатра лялек Збігнеў Главацкі (Польшча) і іншыя госці.
Чым “Лялька” збіраецца сёлета парадаваць сваіх прыхільнікаў? Мяркуючы па ўсім, будзе вялікі сюрпрыз. Мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук зноў “замахнуўся” на сур’ёзную пастаноўку – ён плануе паставіць спектакль для дарослых «Нататкі вар’ята» паводле аднайменнай аповесці Мікалая Гогаля.
Як распавёў Віктар Ігнатавіч сёння на прэс-канферэнцыі, у гэтай пастаноўцы будзе занята шмат маладых артыстаў. А галоўны мастак тэатра Алесь Сідараў распрацаваў вельмі неардынарнае сценаграфічнае рашэнне спектакля. Праца над ім ужо пачалася, аднак прэм’еру давядзецца пачакаць – яна чакаецца ў траўні-чэрвені наступнага года.
Нагадаем, што зараз у рэпертуары “Лялькі” ёсць тры пастаноўкі для дарослых. І ўсе яны пастаўленыя па творах класікаў замежнай і беларускай літаратуры: «Дэкамерон» па Джавані Бакача, «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» па кнізе «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага і «Ладдзя роспачы» паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча.
У планах мастацкага кіраўніка таксама абнаўленне «Казкі пра Ямелю». У ім будзе цалкам зменены акцёрскі склад. Новы варыянт пастаноўкі гледачы змогуць убачыць напрыканцы гэтай зімы.
На думку Віктара Клімчука, асяроддзе “Лялькі” – “амаль увесь горад”. А гэта шмат да чаго абавязвае. “Тэатр не спыніўся. Ён расце, развіваецца, множыцца. І ён асуджаны на поспех. У нас ідзе змена пакаленняў – у “Ляльку” прыйшлі маладыя артысты”, – з гонарам адзначыў мастацкі кіраўнік.
З удзелам моладзі Клімчук збіраецца паставіць спектакль, дзе будзе шмат жывой музыкі: “Нашы маладыя акцёры добра валодаюць рознымі музычнымі інструментамі, шмат рэпеціруюць у гаражы. І можа атрымацца добрая пастаноўка, дзе яны будуць выступяць як акцёры-музыкі”.
Па словах загадчыцы літаратурнай часткі тэатра Людмілы Сіманёнак, у новым творчым сезоне таксама будуць і новыя конкурсы для юных гледачоў. Адзін з іх – “Мой анёлак” супольна з газетай “Звязда”. Дзеткі будуць самі рабіць крылатых сімвалаў святла і дабрыні. А на Новы год лепшыя працы ўпрыгожаць фае тэатра на адмысловай елачцы.
А яшчэ “Лялька” правядзе не толькі цікавы, але і вельмі карысны для маленькіх беларусікаў конкурс – на лепшага чытальніка вершаў на роднай мове. “Такая акцыя будзе ісці ў тэатры праз увесь год. Бо сёння мала хто з дзяцей можа добра прачытаць па-беларуску нават чатыры радкі…” – кажа Людміла Сіманёнак.
Будзем спадзявацца, што ў “Лялькі” атрымаецца не толькі навучыць дзетак правільна дэкламаваць вершы, але і любіць сваю мову.