У Віцебску пачаўся суд над экспертам, які не правёў дактыласкапію Дзмітрыю Канавалаву
Сёння ў Віцебскім абласным судзе пачалося судовае разбіральніцтва па справе эксперта, які не правёў дактыласкапію жыхару Віцебска Дзмітрыю Канавалаву, што з’яўляецца галоўным падазраваемым у выбуху ў мінскім метро 11 красавіка. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Як паведамляе БелТА са спасылкай на старшыню абласнога суда Мікалая Хамічонка, матэрыялы справы змяшчаюць звесткі аб дзяржаўных сакрэтах, таму было вырашана праводзіць закрытае судовае пасяджэнне.
Следчы аддзел пракуратуры Віцебскай вобласці правёў расследаванне крымінальнай справы па абвінавачванні аднаго з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў УУС Віцебскага аблвыканкама ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 428 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Службовая нядбайнасць".
Было ўстаноўлена, што 20 студзеня 2009 года ў гарадскім ваенным камісарыяце эксперт не правёў абавязковую дактыласкапію прызыўніку Канавалаву. Прызыўнік паведаміў, што раней ўжо праходзіў гэту працэдуру, эксперт паверыў яму на слова і прадставіў у асабістую справу маладога чалавека даведку аб тым, што той раней прайшоў дактыласкапію і неабходнасці ў яе паўторным правядзенні няма. Такім чынам Канавалаву ўдалося пазбегнцуць, каб інфармацыя аб ім была змешчана ў банк дактыласкапічных дадзеных, і яго не правяралі на дачыненне да выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года.