Як ты была блізка, вікторыя!
Крыўдную, а з другога боку заслужаную паразу пацярпеў “Віцебск” на сваім ільду ад ліепаеўскага “Металургса”. Правалы ў абароне віцябчан сыгралі сваю адмоўную ролю.
У гэтай сустрэчы было закінута пятнаццаць шайб. Жарсці, як на ільду, так і на трыбунах закіпелі ў заключным перыядзе. 42-я хвіліна матча – на табло 3:7! “Мядзведзі”саступаюць, але прыкладаюць сілы, на першы погляд, у безнадзейнай сітуацыі. І паступова пачынаюць скарачаць лік. У душы ўжо няма негатыву. Трыбуны завяліся і актыўна падтрымліваюць мясцовых хакеістаў: “Віцебск”! “Віцебск”! Надзея на перамогу ўсё мацней і мацней. За дванаццаць хвілін падапечныя Сяргея Петухова закінулі чатыры шайбы (7:7). Самай яскравай стала сёмая шайба Аляксандра Караткевіча, які збег ад супернікаў і дакладным кідком адправіў шайбу пад перакладзіну.
А далей аб сумным. Наш малады нападаючы Антон Елісеенка не выкарыстаў выхад адзін у ноль з варатаром. Шанец выйсці наперад згублены. Чорную кропку ў гэтай лядовай драме госці паставілі за некалькі хвілін да сірэны (7:8).
Гэта баталія стала дэбютам у чэмпіянаце для Сяргея Домніча, які ў другой трэці замяніў у варотах Андрэя Петухова. Статыстыка апошніх пяці гульняў “Віцебска” не ўражвае: пяць параз, зараз клуб на дзявятым радку. Але спадзеў на ўздым нашай каманды яшчэ жыве, бо гэта толькі першы круг!