У горадзе, дзе княжыў Альгерд, ушаноўваюць графа Суворава
Падобна, расійскі палкаводзец Аляксандр Сувораў канчаткова акупаваў гэту ўтульную і вельмі прыгожую віцебскую вуліцу. Мала таго, што яна носіць назву ў ягоны гонар і што тут рэканструіравалі бюст вайскоўца-чужынца. На днях тут яшчэ адчынілася кавярня з назвай “Граф Суворов”.
“Калі імёны не адпавядаюць сапраўднаму сэнсу, то справы не могуць ісці паспяхова...” – лічыў Канфуцый. Напэўна, ні ў воднай краіне свету не ўшаноўваюць антыгерояў сваёй гісторыі. Гэта ў Расіі Сувораў – «граф Рымнікскі, князь Італійскі, прынц Сардзінскі, генералісімус усіх сардзінскіх армій і генералісімус ўсіх расійскіх войскаў». А для беларусаў ён карнік, які, выконваючы волю Кацярыны ІІ і Паўла І у пашырэнні межаў Расійскай імперыі, праліў нямала крыві нашых продкаў.