Кніга не дае чалавеку расчалавечыцца
Сёння ў Віцебску ўрачыста адчыніла дзверы адноўленая пасля рэканструкцыі цэнтральная гарадская бібліятэка імя Максіма Горкага, што знаходзіцца на праспекце Фрунзэ. Гэта стала сапраўдным і доўгачаканым святам і для прыхільнікаў кнігі, і для бібліятэкараў. Апошнія на працягу трох гадоў, пакуль у будынку ішлі будаўнічыя працы, працавалі як кніжныя “карабейнікі” – насілі літаратуру па розных установах горада і прапаноўвалі яе тамтэйшым супрацоўнікам.
Сімвалічную «чырвоную стужачку» перарэзалі старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін і дырэктар бібліятэкі Галіна Данілава. Пабачыць, што цяпер сабой уяўляе бібліятэка імя Горкага, прыйшлі віцебскія пісьменнікі, чытачы, ветэраны бібліятэчнай справы, жыхары бліжэйшых дамоў.
Генеральным падрадчыкам, які выконваў будаўніча-рамонтныя працы, выступіла прадпрыемства «Витпродстройторг». І вынік працы будаўнікоў сапраўды ўражвае: бібліятэку цяпер ніхто не пазнае, так тут светла, утульна, стылёва! Цяпер гэта не проста кнігасховішча, а сапраўдны дом кнігі, адкуль нават не хочацца сыходзіць. У зале абанементу цяпер ёсць месца і для самых маленькіх чытачоў – дзіцячы куток з яркай зручнай мэбляй і кніжнымі паліцамі. На прадуктыўную працу натхняе вялікая электронная чытальная зала. Да паслуг гараджан публічны цэнтр прававой інфармацыі. Адным словам, той, хто будзе наведваць новую-старую бібліятэку імя Горкага, атрымае тут не толькі веды, але і эстэтычнае задавальненне. Плануюць тут праводзіць літаратурныя вечарыны, мастацкія выставы і іншыя культурніцкія мерапрыемствы.
Па словах дырэктара бібліятэкі Галіны Данілавай, да рэканструкцыі тут было 18 тысяч чытачоў. Яна выказала надзею, што «цяпер да старых сяброў бібліятэкі далучацца новыя».
«На рэканструкцыю цэнтральнай бібліятэкі было выдаткавана 3,5 мільярды рублёў. Гэтая значная сума дазволіла будаўнікам увасобіць у жыццё тое, што было намечана ў адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй. Калі прымалася рашэнне па гэтай бібліятэцы, то былі розныя меркаванні: ці то пайсці шляхам дробнага касметычнага рамонту, ці то выканаць тут поўную рэканструкцыю. І быў прыняты другі варыянт. І гэта правільна. Таму што сёння мы маем “храм кнігі”, за які нам не будзе сорамна перад чытачамі. Будаўнікі выкарысталі тут самае сучаснае абсталяванне і сучасныя матэрыялы”, – адзначыў на цырымоніі адкрыцця мэр Віктар Нікалайкін.
Правіншаваць супрацоўнікаў бібліятэкі з адкрыццём пасля трохгадовага рамонту прыйшла старэйшая чытачка Лідзія Масякіна. “Я запісалася ў бібліятэку імя Горкага яшчэ калі была зусім маладой, у 1953 годзе. І не здзрадзіла ёй да сёння. Тады бібліятэка яшчэ знаходзілася на вуліцы Леніна, потым пераехала на Фрунзэ. Хачу падзякаваць гарадской адміністрацыі за тое, што з рэканструкцыі не зрабілі доўгабуду. Праўда, работнікам бібліятэкі за гэтыя тры гады давялося памытарыцца. Але мы іх не кінулі. Ад імя чытачоў я хачу папрасіць адміністрацыю горада – не абмяжоўвайце бюджэт на кнігі і часопісы. Калі ласка, прыслухайцеся да нас, нам гэта вельмі патрэбна. Набываць іх мы не можам – гэта вельмі дорага. А вось карыстацца паслугамі бібліятэкі – з вялікім задавальненнем!” – папрасіла пенсіянерка.
Хочацца верыць, што ў бібліятэцы Горкага будзе заўсёды людна. Бо, як было сказана на цырымоніі адкрыцця, кніга – гэта адзіная каштоўнасць, якая не падвяргаецца дэвальвацыі і не дае чалавеку расчалавечыцца…