Народные новости Витебска

“Баба Валя, мяса даюць!”

Такім радасным воклічам сустрэла сваю знаёмую пакупніцу адна з прадавачак крамы ААТ “Веста” №139 на вуліцы Чкалава, 18, куды “ННВ” адправіліся ўчора вывучаць кастрычніцкія кошты на прадукты харчавання. І баба Валя, як для сваіх паважаных гадоў, дык і дужа бадзёранька паклэпала да мяснога прылаўка, дзе ўжо стаяла ладная чарга. Там “давалі” сярэдні свіны отруб па 29 150 рублёў за кілаграм.

Што тычыцца прадуктаў першай неабходнасці, то апошняе падаражанне “ўдарыла” па малочных прадуктах і хлебу. (Нагадаем, 20 верасня на 10% падняліся кошты на малако, тварог, смятану і тварог, хлебабулачныя вырабы і на 20% – на мяса). Адчувальна даражэй зараз сталі яйкі, алей і цукар. Значна падаражэла гарбата. А аматары кавы ўжо ўсур’ёз задумваюцца: напэўна, самы час пераходзіць на травяны настоі. І танней, і здаравей… На чатыры з паловай тысячы за месяц стала даражэйшая віцебская гарэлка “За удачу”.

У крамах, нарэшце, з’явіліся аўсяныя шматкі “Экстра” Навабеліцкага камбіната, якія па незразумелай прычыне зніклі на некалькі месяцаў з дзяржаўных гандлёвых кропак. Аднак пачак геркулесу зараз каштуе 4 660 рублёў (а быў трохі болей за 2 тысячы). Дзіўна, але ў “Весце” №139 не знайшла грэчкі па 15 000. Тут гэтыя крупы прапаноўвалі толькі па “старым” кошце – па 19 500. Затое, акрамя алею “Любонька” амаль па 20 тысяч, пакупнік тут мог знайсці і больш танныя гатункі – “Шеф-повар” і “Бабруйскае” па 16 820 рублёў.

У параўнанні з летам у два разы падскочыў кошт на памідоры. Затое тры месяцы запар стабільна “трымаюць” адзін і той жа кошт капуста і бульба. Амаль на тысячу меней зараз у краме можна набыць цыбулю і моркву. Яшчэ з гародніны добра патаннеў кітайскі часнок – амаль удвая.

Ніжэй прыводзім кошты на прадукты харчавання ў параўнанні з тымі, якія былі на гэтыя ж самыя тавары два месяцы таму, у жніўні.

Малако (3,2%) – 2 180 рублёў (1 860 рублёў у жніўні)

Смятана (25%, 0,5 л) – 5 270 рублёў (4 570 рублёў)

Масла сметанковае (72,5%) – 6 380 рублёў (у жніўні ад 4 370 да 5 690 рублёў)

Сыр “Галандскі” – 28 420 рублёў (22 620 рублёў)

Тварог (9%) – 2 260 рублёў

Яйкі (Д-1) – 6 730 рублёў (4 490 рублёў)

Алей “Любонька” – 19 610 рублёў (16 450 рублёў)

Хлеб “Білеўскі арамацізіраваны”, без упакоўкі – 3 160 рублёў (у жніўні хлеб “Жыцейскі вітамінізаваны”, у пакеце, каштаваў 2 480 рублёў)

Цукар, у папяровым пакеце – 6 000 рублёў; у поліэтыленавым пакеце – 5 500 рублёў (у жніўні цукар у поліэтыленавым пакеце быў па 4 600 рублёў)

Гарбата Tess (чорная, 100 г) – 14 300 рублёў (11 750 рублёў)

Кава Nescafe Classic (100 г) – 33 220 рублёў (22 210 рублёў)

Курыца (мяса бройлера, 1 кг, фабрыка “Ганна”) – 25 550 рублёў

Рыба (сялёдка свежамарожаная) – 23 110 рублёў

Рыс (1 кг) – 12 790 рублёў

Грэчка (Беларусь) – 19 500 рублёў

Макароны (“Саоми”, Расія, 900 г) – 4 980 рублёў

Мука “Лидская” (вышэйшы гатунак, 1 кг) – 3 110 рублёў

Соль “Полесье экстра” – 1 260 рублёў

Гарэлка “За удачу”(0,5 л) – 15 990 рублёў (у верасні – 11 340 рублёў)

Яблыкі – (Польшча) – 10 280 рублёў

Бананы – у дзень маніторынгу ў продажы не было

Апельсіны – 13 850 рублёў (жнівеньскі кошт 9 130 рублёў)

Лімон (Іспанія) – 16 510 рублёў (14 000 рублёў)

Вінаград – 17 920 рублёў

Ківі – 17 040 рублёў

Памідоры – 7 320 рублёў (3 600 рублёў)

Агуркі – не было ў продажы

Капуста – 1 170 рублёў

Цыбуля – 3 750 рублёў (у жніўні 4 650 рублёў)

Морква – 3 350 рублёў (4 130 рублёў)

Бульба – 2 480 рублёў

Буракі – 2 060 рублёў (2 480 рублёў)

Часнок (Кітай) – 19 430 рублёў (у жніўні 28 610 рублёў)

Паводле інфармацыі Белстату, індэкс цэнаў на харчовыя тавары сёлета ў верасні у параўнанні са жніўнем склаў 118,6%, са снежнем 2010 года – 184,2%. Больш за ўсё за верасень падаражэлі яйкі – на 31,2%.

З пачатку 2011 года лідарам па росце цэн з’яўляецца алей – у 2,7 разы. Гарбата за гэты час падаражэла ў 2,57 разы, рыба і морапрадукты – у 2,3 разы, мяса і птушка – у 2,2 разы, садавіна – у 2,19 разы, кансервы рыбныя – у 2,16 разы, крупы, цукар і кандытарскія вырабы – у 2 разы, яйкі – у 1,8 разы, каўбасныя вырабы і вяндліна – у 1,77 разы. Макаронныя вырабы – на 73,8%, масла – на 57,2%, сыры – на 48%, малако і малочныя прадукты – на 42,6%, хлеб і хлебабулачныя вырабы – на 40,6%, мука пшанічная – на 38,5%, бульба – на 8,2%.