Галоўны трэнер ХК “Віцебск” Сяргей Петухоў падаў у адстаўку
Галоўны трэнер хакейнага клуба “Віцебск” Сяргей Петухоў падаў свайму кіраўніцтву заяву аб звальненні з фармуліроўкай “па ўласным жаданні”, паведамляе “Прессбол”.
Падставу для прыняцця такога рашэння Сяргей Васільевіч пракаментаваў “ПБ” наступным чынам: “Заява пакуль не падпісана кіраўніцтвам, але, думаю, неўзабаве гэта здарыцца. Шмат казаць аб прычынах цяпер не хочацца. Але памяркуйце самі: пра якую плённую працу можна весці гаворку, калі “праварукі” абаронца раз за разам вымушаны выходзіць на лёд з клюшкай для леварукага? Пры такіх рэаліях не бачу сэнсу далей тут знаходзіцца. І ад гульцоў нельга нічога патрабаваць – тры месяцы яны правялі, лічы, на голым энтузіязме. Усё-ткі любое імкненне трэба чымсьці матываваць. Спадзяюся, мой сыход дапаможа хоць неяк змяніць сітуацыю”.
Нагадаем, што Сяргей Петухоў заняў пост галоўнага трэнера ХК “Віцебск” у пачатку верасня 2010 года, змяніўшы на трэнерскім мосціку Сяргея Каралёва.