У Віцебску адкрылі памятную дошку ў гонар пісьменніка-казачніка Рыгора Шакулава
У Віцебску на доме №14 па вуліцы Чапаева сёння адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар дзіцячага пісьменніка Рыгора Шакулава. Літаратар з’явіўся на свет 11 кастрычніка 1910 года ў вёсцы Паўловічы Віцебскага раёна, і ўрачыстасць была прымеркавана да 101-годдзя з дня яго нараджэння.
Спонсарам стварэння мемарыяльнай дошкі выступіў “Інстытут “Віцебскграмадзянпраект”. А яе аўтар – скульптар, старшыня Віцебскай арганізацыі «Беларускі саюз мастакоў» Аляксандр Гвоздзікаў.
На адкрыцці дошкі скульптар адзначыў, што казкі Шакулава з задавальненнем чытае сваім унучкам. “Гэта таленавіты чалавек з вельмі прыгожым тварам. І мне падбалася яго ляпіць”, – прызнаўся Гвоздзікаў. Мемарыяльная дошка ўяўляе сабой партрэт пісьменніка і адлюстраванне разгорнутай кнігі, над якой лётаюць птушкі. Размешчана яна на доме, дзе жыў казачнік.
Даведка “ННВ”: Рыгор Шакулаў скончыў педагагічны тэхнікум у Віцебску ў 1931 годзе. Затым вучыўся ў Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі і адначасова ў Літаратурным універсітэце пры доме пісьменнікаў імя Маякоўскага. Быў удзельнікам абароны Ленінграда, быў паранены. З 1960 года жыў у Віцебску, дзе працаваў у «Інстытуце “Віцебскграмадзянпраект”. Быў пазаштатным карэспандэнтам газеты “Віцебскі рабочы”. Памёр у 1987 годзе.
Шакулаў – аўтар васьмі кніг казак для дзяцей, выдадзеных у 1954-1973 гадах. Апошняя, дзявятая кніга «Зялёнае царства» – зборнік казак і вершаў, апублікавана да 100-летняга юбілею ў 2010 годзе сваякамі літаратара.