У Музычнай гасцёўні адкрылася выстава “Лялькі”
Да 7 лістапада ў Музычнай гасцёўні будзе працаваць выстава, прысвечаная 25-годдзю Беларускага тэатра “Лялька”. Тут можна пабачыць дэкарацыі, касцюмы і некалькі дзесяткаў лялек (у асноўным марыянетак) са спектакляў “Дзед і Жораў”, “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка”, “Аладдзін” і “Чароўная зброя Кэндзо”.
Сцэнаграфію і лялькі для гэтых – і яшчэ прыблізна для 50 пастановак вядомага віцебскага калектыву – распрацавалі мастакі Алесь Сідараў і Ганна Сідарава. Іх праца не аднойчы высока ацэньвалася журы міжнародных тэатральных фестываляў.
Акрамя таго, тут можна пазнаёміцца з батлейкай, створанай галоўным мастаком тэатра Алесем Сідаравым паводле традыцыйнага магілёўскага ўзору. Падчас адкрыцця выставы драму “Цар Ірад” прэзентавалі вядучыя артысты лялечнай сцэны Ганна Сцепанец і Юрась Франкоў.
На імпрэзу завітаў вядомы балгарскі пісьменнік Панча Панчаў. Спектакль паводле яго п’есы “Прынцэса і Свінапас” з поспехам ідзе ў Беларускім тэатры “Лялька” з вясны 2011 года.