22 кастрычніка Беларускі тэатр “Лялька” адсвяткаваў сваё 25-годдзе. Яго гісторыя распачалася ў сценах акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа са стварэннем невялікай лялечнай трупы пад кіраўніцтвам рэжысёра Віктара Клімчука. Першай пастаноўкай стаўся “Дзед і Жораў” паводле п’есы В.Вольскага. За чвэрць стагоддзя віцябляне пабачылі блізу 60 цікавых спектакляў, а многія колішнія гледачы з задавальненнем прыводзяць у “Ляльку” сваіх дзяцей.
Вядома, невялікая глядзельная зала ніяк не магла змясціць усіх жадаючых. Тыя ж, каму пашчасціла завітаць на свята, атрымалі магчымасць пабачыць святочную імпрэзу па матывах самай вясёлай лялькаўскай пастаноўкі – “Дэкамерона”. Не было недахопу ні ў песнях, ні ў танцах, ні ў віншаваннях, ні ў падарунках. А жарты артыста Алеся Маханькова – асноўнага вядучага праграмы – неаднаразова выклікалі смех і апладысменты гледачоў.
Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў выказаў спадзяванне, што праз пяць гадоў “Лялька” будзе святкаваць свой дзень народзінаў у новым будынку, на вуліцы Энгельса, дзе ў глядзельнай зале можна будзе сабраць значна больш прыхільнікаў тэатральнага майстэрства. Уладзімір Уладзіміравіч прынёс з сабою граматы і падзякі аблвыканкама для некалькіх артыстаў. Акрамя гэтага, самыя адданыя члены калектыву былі адзначаныя ўзнагародамі абласнога і гарадскога ўпраўленняў культуры, Кастрычніцкага райвыканкама, а таксама рэспубліканскага і абласнога камітэтаў прафсаюзу работнікаў культуры.
Павіншаваць калег прыехалі кіраўнікі ўсіх лялечных калектываў Беларусі, а таксама дырэктар Смаленскага тэатра лялек. Завітаў на свята і госць з далёкага замежжа – вядомы балгарскі пісьменнік Панча Панчаў. Некалькі дзесяцігоддзяў таму адна з яго п’ес ішла на сцэне тэатра імя Якуба Коласа, а ў лютым гэтага года Віктар Клімчук паставіў на сцэне “Лялькі” спектакль па п’есе П.Панчава “Прынцэса і Свінапас”.
Самым яркім і відовішчным аказалася віншаванне ад імя калектыву акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Праўда, падарыць Віктару Клімчуку сваю каларытную шапачку блазна Рыгор Шацько адмовіўся – адгаварыўся тым, што гэта частка рэквізіту.
Няхай жа споўняцца шматлікія пажаданні юбілярам – тады працяг гісторыі “Лялькі” абяцае быць светлым і радасным, нягледзячы на цяперашнія фінансавыя праблемы, што ставяць пад пытанне ўдзел у бліжэйшых значных міжнародных фестывалях. А гледачы атрымаюць яшчэ больш задавальнення ад спектакляў любімага калектыву.