На Віцьбе з’явіўся лебедзь-шыпун
У зоне адпачынку на Віцьбе пасяліўся лебедзь-шыпун (Cygnus olor), занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Пра з’яўленне чырвонакніжнай птушкі ў Віцебску паведамілі на “Гарачую лінію” чытачы “Народных навінаў Віцебска”. Па словах мясцовых жыхароў, лебедзь прыляцеў сюды пару тыдняў таму. Так што лётаць ён можа і выглядае цалкам здаровым.
Віцябляне з задавальненем кормяць прыгожую птушку, якая падплывае зусім блізка. Праўда канкуруючыя з ёй качкі паводзяць сябе яшчэ нахабней, вылазячы нават на бераг. Шмат хто выказваў сваю занепакоенасць лёсам лебедзя, калі ён застанецца зімаваць на Віцьбе, бо хутка пачнуцца маразы, і рэчка пакрыецца лёдам. Тады лёсам ахоўваемага законам госця Віцебска прыйдзецца заняцца гарадскім уладам.
На працягу 2011 года гэта ўжо трэці выпадак, калі ў наш горад залятаюць птушкі занесеныя ў Чырвоную кнігу — 3 сакавіка “Народныя навіны Віцебска” паведамлялі пра вялікую кугакаўку, а 30 верасня — пра вялікую белую чаплю.