Дзень студэнта з N.R.M
Восень – самая сумная пара года. Але і ў гэтую сумную пару ёсць такое свята, як Міжнародны дзень студэнта, што адзначаецца 17 лістапада. Свята, якое чакае кожны малады чалавек: для “першакоў” – гэта знаёмства з універсітэцкім жыццём, а для пяцікурснікаў – апошні год у вясёлай студэнцкай сям’і.
Дзень студэнта кожны адзначыў па-свойму. Хтосьці піў гарбату з торцікам. А хтосьці і нешта больш моцнае. Вельмі цікава, што свята ў большасці студэнтаў асацыюецца толькі з алкаголем. Але ж былі і такія, хто не жадаў у гэты дзень сядзець і сумавать дома альбо ў “абшчазе”. І таму 17 лістапада амаль усе віцебскія студэнты сабраліся ў “Энэргіі”, самым вялікім клубе горада, каб паслухаць свае любімыя беларускія гурты і адарвацца напоўніцу. На сцэне былі такія акулы рок-музыкі, як N.R.M, AMATARY, LaBo, Kuktooz, NEMDIS, IVORYGOD.
Спевакі выкладаліся для сваіх слухачоў на ўсе сто адсоткаў. Выхад гурта N.R.M. чакалі вельмі доўга. Крыкамі: “N.R.M.! N.R.M.! N.R.M.!” і свістам фанаты заклікалі і падбадзёрвалі музыкаў, пакуль тыя настройвалі свае гітары. І вось нарэшце яны зайгралі. Зайгралі так, што апраўдалі надзеі ўсіх, хто прыйшоў на гэты канцэрт. Зайгралі па-беларуску, паказалі майстар-клас і далі зразумець, што і ў Беларусі ёсць свае таленты, свая музыка!
Затым слухачы дачакаліся AMATARY – бадай, адну з самых яркіх расійскіх метал-каманд, якая вядома за межамі СНД. Гурт трымаў слухачоў у экстазе напрацягу ўсяго выступлення.
Адным словам, свята ўдалося! Усе з нецярпеннем чакаюць наступнага канцэрта 25 лістапада ў “Энэргіі”, калі ў Віцебск прыедзе знакаміты J:Mорс, які ў межах свайго восеньскага туру па гарадах Беларусі прывязе да нас праграму “Электрыфікацыя ўсёй краіны”.