Таямніцы Караткевіча: новыя знаходкі
Раней мне даводзілася распавядаць, што да пошукаў «таямніц Караткевіча» мяне падштурхнула прачытанне ягоных твораў з пазіцыі краязнаўцы, пасля чаго старонкі белага томіка з яго вядомага першага Збору твораў былі перакладзеныя дзесяткамі паперак-закладак. Закладкі пазначалі месцы, дзе, як мне здавалася, гаварылася пра тое, што не было простай літаратурнай прыдумкай, а мая ўвага з тае пары была накіраваная на пошук згаданых Караткевічам з'яў і падзей у сапраўднае гісторыі Беларусі.
Першым знайшоўся «фашчаўскі ёлуп», які трапіў у літаратуру праз сцэну знаёмства Алеся Загорскага з Кастусём Каліноўскім у рамане «Каласы пад сярпом тваім» і які, пэўна, дагэтуль стаіць на ўскраіне вёскі Фашчаўкі ў Шклоўскім раёне. Насамрэч гэта складзеная з чырвонай цэглы высокая калона, наверсе якой размешчаная знявечаная часам і непагодай драўляная скульптура, стан якой у той момант, калі мне давялося яе пабачыць, не дазваляў рабіць хаця б аддаленыя здагадкі пра яе першапачатковы выгляд.
З тае пары я не мог ставіцца да твораў Караткевіча толькі як да мастацкай прозы. Мне нават падалося, што я зразумеў грандыёзную задуму земляка – схаваць да пары і для нацыянальна свядомага чытача згадкі пра тое, што ён сам ведаў, але мусіў хаваць ад цэнзараў і ворагаў беларушчыны. Ён верыў, што прыдзе час, і тое, што падавалася большасці ягоных сучаснікаў аджылым і нецікавым, патрапіць у цэнтр увагі ў незалежнай краіне. Таму пазней, пасьля знойдзенага «ёлупа» ды шэрагу іншых знаходак, не дужа здзівіла пабачаная ў кніжцы пра сярэдневечнае рыцарства згадка пра «дзікае паляванне» як пра неад'емны элемент «многіх еўрапейскіх міфалагічных традыцый». Наяўнасць у хаце «універсальнага даведніка» – Інтэрнэта яшчэ больш спрасціла справу. Высветлілася, што прынамсі з 1092 года (калі ў Парыжы святаром, які вяртаўся пасля наведвання хворага, была пабачаная і пазьней апісаная працэсія прывідаў) па ўсёй Заходняй Еўропе пра «дзікае паляваньне» згадвалі тады, калі моцны вецер пачынаў раўсці з неба, гнуць дрэвы долу ды зносіць дахі з хат. У такі час людзі нібыта бачылі, як па небе рухаецца кавалькада прывідных вершнікаў са зграяй прывідных сабак, а на чале кавалькады бязгучна ляціць на сваім кані Дзікі Паляўнічы.
Паводле даследчыка і аднаго з кіраўнікоў неаязычніцкай суполкі «Вера» («ТhеТrоth») Квельдульфа Гундарсана, у заспетага такім «дзікім паляваньнем» падарожнага быў толькі адзін спосаб уратавацца – трэба было кінуцца пасярод дарогі тварам у зямлю і моўчкі трываць халодныя дотыкі прывідных ганчакоў.
З'яўленне на людскія вочы «дзікага палявання», паводле таго, што напісана ў Вольнай Энцыклапедыі «Wikipedi», сведчыла пра набліжэнне нейкай бяды, вайны або паморку або, у лепшым выпадку, смерці відавочцы. Больш за тое, «дзікае паляванне» магло забраць відавочцу разам з сабою ў Краіну Мёртвых.
«Дзікае паляванне» часта згадвалася падчас «вядзьмарскіх працэсаў» у сярэдневечнай Еўропе, тым больш, што ў Нямеччыне лічылася, што ім кіруе жанчына. У Брытаніі меркавалі, што на чале палявання ляцціць дзікі дух у мужчынскім абліччы, які, на думку даследчыкаў мясцовай паганскай традыцыі, вядзе сваё паходжанне ад паганскага духа ўрадлівасці. Вядомыя рэальныя людзі, што паводле старажытных паданняў, нібыта вялі за сабой «дзікае паляванне». Сярод гэтых асоб называлі Караля Артура і вядомага пірата Фрэнсіса Дрэйка. Вобраз Дзікага Паляўнічага (Неrnе thе Нuntег) выкарыстаны Шэкспірам у «Віндзорскіх свавольніцах», дзе па ходу дзеяння гэтым міфічным персанажам апранаецца Фальстаф. У свядомасці тагачасных насельнікаў Англіі ў Дзікім Паляўнічым увасабляўся дух лесу, эратычны і небяспечны, як сам лес.
Такім чынам, «дзікае паляванне» не было прыдуманае Караткевічам. Але для мяне пакуль што застаецца загадкай, як яно магло стаць яму вядомым. Наколькі можна меркаваць з летапісу ягонай творчасці, ён напісаў першы варыянт гэтай аповесці ў Воршы, на гарышчы пунькі, што і зараз месціцца ля хаты на вуліцы ягонага імя. Тады ён толькі адзін год адвучыўся на філалагічным факультэце расейскага аддзела Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Шаўчэнкі. Можа быць, ён даведаўся пра гэты міфалагічны сюжэт з пачутых там лекцый ці прачытаных кніжак, або сюжэты з еўрапейскай міфалогіі пераказваліся ў сям'і Караткевічаў? На жаль, цяпер з намі ўжо няма апошняга чалавека, які мог бы адказаць на гэтае ў шэрагу іншых, раней заўчасных, пытанняў, – ягонай сястры Наталлі Сямёнаўны.
Пасля гэтае знаходкі ў мяне з'явілася думка, што Караткевіч мог так хацець, каб чыталі, каб цікавіліся, каб ведалі, і ў ім настолькі шмат да самае смерці заставалася ад таго гарэзлівага аршанскага хлопца, які падземнымі лёхамі прабіраўся на спэктаклі Коласаўскага тэатра ў будынку былога Дома культуры будаўнікоў (цяпер парафіяльны касьцёл Св. Язэпа), што вельмі проста ён мог зашыфраваць у якім-небудзь са сваіх твораў месца аднаму яму вядомага скарба ці свядома зробленай схованкі. А можа – нейкія дужа важныя для яго словы. Прайшло зусім нямнога часу і гэтая здагадка пацвердзілася. Падчас адкрыцця Караткевіцкага пленэру на Дзевінскім возеры Алесь Марачкін распавёў прысутным, сярод якіх пашчасціла прысутнічаць і мне, пра зроблены і давераны яму Караткевічам тайнапіс. Паводле словаў спадара Алеся, прыкладна ў ліпені 1984 года Уладзімір Караткевіч папрасіў яго разам з Алесем Шатэрнікам зрабіць эскіз помніка на магілу кагосці са сваякоў. Па гэтай нагодзе адбылася сустрэча ў майстэрні Шатэрніка, пасля якой усе разам – Караткевіч, Шатэрнік ды Марачкін – выправіліся на могілкі, каб усё паглядзець на месцы. Падчас вяртання з могілак, Караткевіч адвёў Алеся Марачкіна ў бок і сказаў яму прыкладна наступнае: «Ты ж ведаеш мой раман «Чорны замак Альшанскі», які я табе падараваў? Там гаворыцца пра тайнапіс. Дык вось я табе даю свой тайнапіс. Зашыфраваная ў ім сутнасць – вельмі важная для мяне і для нас усіх.» Па гэтых словах Караткевіч даў яму паперачку, дзе ўверсе была канкрэтная адрасацыя гэтага тайнапісу : «Аляксею Марачкіну». Затым ішоў пералік чаргаваных літараў і лічбаў:
«а-3, б-1, в-2, г-2 (загалоўныя), г-1 (у радку), д-3, з-1, е-9, і-3, й-1, к-2, л-2, м-1, н-2, о-2, п-1, р-3, с-1, у-3, ў-1, ц-3, ы-1, ь-1, ю-1, я-1, апостраф-1, кропкі-2, коска-1, працяжнік-1». На заканчэнне ў паперцы, паводле першае публікацыі гэтага дакумента ва ўспамінах Алеся Марачкіна ў зборніку «Вобраз 89» (Мн.: Маст. літ., 1989. – С. 264), пісалася:
«Складзена 22 чэрвеня 84 года. Тэрмінам на 1 (адзін) год.»
Паводле А. Марачкіна, Караткевіч тады яшчэ сказаў, што аніводзін кампутар не зможа расшыфраваць тое, што там было напісана, пакуль ён сам не дасць ключа да шыфра. (Падчас нашае гаворкі спадар Алесь выказваў свае здагадкі адносна месцазнаходжання ключа да гэтага тайнапісу, але няхай гэта застанецца ягоным сакрэтам. А тым часам я хацеў бы падзяліцца ідэяй абвесціць да наступнага юбілею конкурс на расшыфраеанне Караткевіцкага тайнапісу).
Што да магчымага зместу, схаванага ў тайнапісе, то ён, як вынікае з успамінаў спадара Алеся, мусіў мець грамадска-палітычны характар – можа, таму і быў зашыфраваны. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Караткевіч не баяўся палітыкі і забароненых тэмаў. Добрай ілюстрацыяй гэтае асаблівасці ягонае асобы ёсць той факт, што, паводле Алеся Марачкіна, Уладзімір Караткевіч планаваў напісаць раман, галоўным героем якога быў бы, як ён казаў, «апошні бандыт Беларусі». Напраўдзе гэта быў сапраўдны беларускі патрыёт, які разам з аднадумцамі быў у партызанах на Гарадзеншчыне і змагаўся з немцамі. Пасля адступлення немцаў, паглядзеўшы на новыя савецкія парадкі, яны вярнуліся ў лес ды пэўны час наводзілі страх на прадстаўнікоў камуністычных уладаў. Урэшце іх абкружылі і пабралі, а потым судзілі, але нікога не расстралялі. Гэтага чалавека, які быў кіраўніком, заслалі ў Сібір да канца жыцця, але падчас «адлігі» ён адтуль вярнуўся ў Беларусь. Паводле Алеся Марачкіна, Караткевіч быў знаёмы з гэтым чалавекам, які на той момант жыў у Гомелі і працаваў там на дрэваапрацоўчым камбінаце. Будзем спадзявацца, што ў гэтага чалавека засталіся сваякі ці сябры, якія б змаглі пашырыць нашыя веды пра гэты факт Караткевічавае творчае біяграфіі.