Пасля выяздных няўдач віцебскія хакеісты парадавалі сваіх прыхільнікаў перамогай над гасцямі з Латвіі.
Вароты гасцей віцябляне “распячаталі” ўжо на стартавых хвілінах сустрэчы. Павялічыць лік “мядзведзі” здолелі, гуляючы ў меншасці, у пачатку другога перыяда. Андрэй Арлюк выйшаў на рандэву з брамнікам Янісам Калныньшам. Мікалай Міхайлаў і Ягор Цурыкаў у гэтай трэці былі вельмі блізкімі да таго, каб зрабіць перавагу сваёй каманды больш трывалай, але не выкарысталі свае шанцы.
На другі перапынак каманды сышлі пры ліку 2:1. Заключны адрэзак гульні прайшоў інтрыгуюча. Госці ўсталявалі парытэт. Праз некалькі хвілін віцябляне зноў у лідарах. Але латвійцы атрымліваюць права на буліт. Праўда, Эдгарс Бранціс не адольвае Артура Лук’янава. На шчасце землякоў, за дзве хвіліны да фінальнай сірэны “Металургс” застаецца ў меншасці. І Аляксандр Караткевіч дакладным кідком з пятачка здымае ўсе пытанні (4:2).