Плакат таксама можа быць эратычным
У Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску 14 снежня адкрылася выстава “Сатырычныя малюнкі. Плакат”, на якіх прадстаўлены працы дзвюх польскіх мастачак, выкладчыц Акадэміі выяўленчага мастацтва з горада Катавіцэ – Богны Отто-Вэнгжын і Монікі Старовіч.
Польская школа плаката – самая старая і таму найбольш вядомая ў Еўропе. Ён з’явіўся яшчэ перад Другой сусветнай вайной, а як з’ява мастацтва сфармаваўся ў канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку плакат у палякаў меў рэкламную функцыю. А затым мастакі так захапіліся ім, што практычна любую нагоду маглі пераўтварыць у прычыну, каб сесці і намаляваць плакат – чыюсьці выставу, канцэрт і нават… вяселле. А вось ствараць плакаты да кінафільмаў было нямодна, нават лічылася кічам. Зараз, калі ў многіх краінах гарадскую прастору псуюць нізкавартасныя білборды, то ў Польшчы па-ранейшаму малююць стары добры плакат.
“Камерцыйны плакат на вуліцы існуе і сёння. Аднак зараз польскі плакат усё ж такі змяніў сваю функцыю – з вуліцы ён перайшоў у галерэю і стаў аб’ектам для калекцыянераў. Яны збіраюць, прадаюць, мяняюць плакаты. А ўвогуле з плакатам у Польшчы ўсё ў парадку – у нас вельмі шмат маладых мастакоў, якія зацікаўлены гэтым. І гэта адна з самых танных формаў мастацтва, нават студэнт можа дазволіць сабе набыць плакат”, – распавяла на прэс-канферэнцыі Моніка Старовіч.
Моніка ў асноўным стварае жывапісныя плакаты. Яны ў чымсьці падобны на “каляровыя лямпачкі” і нават умеюць… падміргваць. Амаль на кожным плакаце Старовіч малюе вока. “Плакат “глядзіць” на гледача, і гэта абавязкова прыцягвае да сябе ягоны погляд”, – лічыць мастачка. Па яе словах, яна ніколі не робіць плакаты толькі на кампутары – першапачаткова гэта заўсёды малюнак.
У Богны Отто-Вэнгжын – свой свет, крыху дзіўнаваты. Гераіні яе прац часцей за ўсё жанчыны. Такое адчуванне, што Богна малюе, гуляючы – столькі гумару і нязлосных кепікаў на яе плакатах. Адным словам, каб я была польскім студэнтам, то абавязкова набыла б пару плакатаў Богны.
Асабліва мастачка фантазіруе на тэму жаночых грудзей: яны могуць ператварыцца ў яе і ў лейкі для паліву кветак (плакат на экалагічную тэму “Шануйце зеляніну. Матка прырода”), і ў танкавую пушку, і ў велікодныя яйкі-пісанкі (плакат-запрашэнне «Welcome to Poland»). А такая з’ява, як мужчына на канапе з пультам ад тэлевізара, а побач – банка піва, аказваецца, распаўсюджана не толькі ў Беларусі. Ёсць яна і ў Польшчы, калі Богна прысвяціла гэтай тэме цэлы плакат у сваёй сатырычнай серыі.
Увогуле польскі плакат трапіў у Віцебск не ўпершыню. Дзве выставы майстроў гэтага жанра з суседняй краіны праходзілі раней у абласным краязнаўчым музеі. Выстава ж “Сатырычныя малюнкі. Плакат”, якая завяршае 2011 год у Арт-цэнтры Шагала, адбылася дзякуючы намаганням Польскага інстытута ў Мінску, Акадэміі выяўленчага мастацтваў горада Катавіцэ і Галерэі плаката ў Кракаве.
Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна на працягу трох тыдняў – да 8 студзеня. Затым чакаецца, што плакаты Богны Отто-Вэнгжын і Монікі Старовіч убачаць жыхары Заслаўля і Брэста.