Чарговую серыю хатніх сустрэч віцебскія хакеісты пачалі матчам з “Лідай”.
Да сярэдзіны другога перыяда віцяблянам удалося адказаць на шайбу, прапушчаную на пятай хвіліне гульні, і падарыць надзею на вікторыю. Аднак за прамежак часу, які заставаўся да другога перапынка, шайба ў варотах Артура Лук’янава паспела пабываць тройчы (1:4).
На старце заключнай трэці “мядзведзям” удалося скараціць лік, але гэта было ўсё, на што аказаліся вартымі гаспадары пляцоўкі ў адрозненні ад гасцей, якія дабіліся поспеху яшчэ тройчы (2:7). Трэба адзначыць, што ў гэтым матчы віцебскія трыбуны не раз былі не задаволены судзействам галоўнага рэферы Аляксандра Запольскага.
Дагэтуль каманды сустракаліся тройчы, прычым двойчы перамагла “Ліда”.