Коласаўцы паставілі “Банкрута”
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа 22 снежня адбылася прэм’ера спектакля “Банкрут”, які па п'есе Аляксандра Астроўскага "Свае людзі - згода будзе" паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў.
Сцэнаграфію і касцюмы да пастаноўкі прапанаваў мастак з Санкт-Пецярбурга Андрэй Пронін, танцы паставіла віцебскі харэограф Дзіяна Юрчанка. У галоўных ролях у спектаклі заняты вядучыя артысты тэатра – Вячаслаў Грушоў, Святлана Жукоўская, Георгій Лойка і інш.
Коласаўцы пачалі супрацоўнічаць з Юрыем Пахомавым яшчэ ў 1997 годзе. Тады яго запрасілі ў Віцебск для пастаноўкі спектакля “Утаймаванне наравістай” па У.Шэкспіру. Спектакль доўгі час збіраў аншлагі. Затым на віцебскай сцэне расійскі рэжысёр паставіў шэраг спектакляў: “Чума на вашы дзве сям’і”, “Памінальная малітва” па п’есах Р.Горына, “Ён. Яна. Акно. Нябожчык” Р.Куні, “Млын” А.Дударава.